Пасля прыбыцця ў Варшаву Міхаіл Саакашвілі распавёў падрабязнасці свайго затрымання ў Кіеве і высылкі ў Польшчу. Запіс размовы апублікаваны на старонцы "Руху Новых Сіл" у Фэйсбуку.
"У кавярню ўварваліся, пасадзілі ў аўтобус. Яны спрабавалі закрыць мне вочы, звязаць рукі. Пасадзілі ў верталёт, доўга кружылі над Кіевам. Высадзілі ў Барыспалі, затым падагналі самалёт, скруцілі рукі і груба пасадзілі ў яго", — паведаміў палітык.
Як паведамлялася раней, 12 лютага група людзей у камуфляжы і з аўтаматамі затрымала Саакашвілі ў рэстаране "Сулугуні" ў Кіеве. Яго вывезлі ў невядомым напрамку. Пазней Памежная служба Украіны паведаміла, што палітыка выслалі ў Польшчы — краіну, з якой ён прыбыў на тэрыторыю Украіны некалькі месяцаў таму.
Між тым увечары ў Кіеве каля адміністрацыі прэзідэнта сабраліся прыхільнікі Саакашвілі. Падчас сутычак з паліцыяй, паводле звестак украінскіх СМІ, затрымана некалькі пратэстоўцаў.