"Раскрываюцца ўсе кансервы": Чалы пра канспіралогію "21 века" і спячую агентуру

02/07/2021 - 17:15
Сяргей Чалы / Еўрарадыё

Пасля таго, як летам 2021 года беларускія сілавікі нечакана наляцелі ў некалькі фірм — такіх, як "Нелва", "Модум", "21 стагоддзе", — людзі пачалі выбудоўваць канспіралагічныя тэорыі, маўляў, за некаторымі з гэтых кампаній бачны цень Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і праблемы ад сілавікоў — гэта помста за супрацоўніцтва з банкам. Больш за тое, хтосьці актыўна пачаў расчышчаць дарогу для расійскай інтэрнэт-крамы "Озон". Незалежны аналітык Сяргей Чалы скептычна ставіцца да такіх тэорый.

— Тады трэба было б назваць бізнесы, да якіх не прыйшлі. Напрыклад, той жа Mark Formelle, які пачынаў з грашыма ЕБРР, — адказвае аналітык. — Па-другое, яшчэ адна тэорыя пра тое, што ёсць нейкія сілы, якія зацікаўлены ў тым, каб ладзіць наезды на бізнес — гэта тыповая канспіралогія. Мне здаецца, што тут самы просты крытэр: прыходзяць туды, дзе грошы можна ўзяць. Гэта класічная пазыковая яма, гэта абсалютна непублічныя здзелкі. Мне здаецца, што прыходзяць у тыя бізнесы, у якіх можна ўзяць ліквідныя рэсурсы на 10-20 мільёнаў долараў, каб купіць кошт свабоды. Вось і ўся логіка.

2 ліпеня на цырымоніі ўручэння ўзнагарод Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі была праведзеная маштабная антытэрарыстычная аперацыя. А што наконт падрабязнасцей аперацыі? "Працягваецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб'ектаў. У бліжэйшы час мы пра гэта скажам", — паабяцаў ён. Як ставіцца да такіх заяў?

— А вось гісторыя змовы "юрыста-пушкініста" [справа Фядуты і Зянковіча. — Еўрарадыё] — там таксама абяцалі шмат чаго расказаць. Фразы "не зараз", "потым", "будзе вельмі цікава" — мы ж ведаем, што яны азначаюць тое, што нічога не будзе. Роўна гэтак жа, як Лукашэнка абяцаў расказаць пра забойства Рамана Бандарэнкі. Калі нешта і паказваюць, то паказваюць тое, якія дрэнныя ахвяры, і, як правіла, тое, што яны самі ва ўсім прызнаюцца. Лукашэнка знаходзіцца ў такой пазіцыі, калі для яго гэтага дастаткова.

Для таго, каб змагацца са сваімі супернікамі, "ракавай пухлінай", як выказаўся Лукашэнка, улады пачалі задзейнічаць розныя рэсурсы. А не так даўно на медыйным гарызонце з хвалебнай аналітыкай на адрас Лукашэнкі з'явіліся лабісты з амерыканскай няўрадавай даследчай арганізацыі Jamestown Foundation. Ці значыць гэта, што ўлада стала больш гнуткай, стала хутчэй рэагаваць на пагрозы ў свой адрас?

— Гэта можна назваць так: "раскрываюцца ўсе кансервы". Нават спячую агентуру, якая маскіравалася пад незалежных, аб'ектыўных — заклікалі пад зброю ўсіх. Да штыка прыраўнялі пяро, — адказвае Сяргей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі