Беспілотнікі, ілюстрацыйнае фота / unn.ua
У ноч на 17 лістапада расійскія ўдарныя дроны масава парушылі паветраную прастору Беларусі. Яны заляталі на тэрыторыю Гомельскай вобласці да раніцы аўторка. Пра гэта піша выданне "Флагшток" са спасылкай на аналіз маніторынгавых каналаў і звестак анлайн-мапы паветраных трывог ва Украіне.
Мяркуючы па паведамленнях, гэта былі не тыя беспілотнікі, якія збіліся з курсу ў выніку працы РЭБ, а наўмысна запушчаныя праз Беларусь.
Так, у 2:17 тг-канал "еРадар" паведаміў пра 18 беспілотнікаў на адрэзку ад Чарнігава да Оўруча, прычым частка з іх рухалася з тэрыторыі Беларусі. Канал "Рында маніторыць" пацвярджаў, што ў той час некалькі расейскіх дронаў знаходзіліся на Гомельшчыне — у раёне Нароўлі і Ельска. А неўзабаве 7 дронаў вылецелі з тэрыторыі Беларусі ў напрамку Оўруча.
Прыкладна ў гэты ж час быў узняты ў паветра самалёт тактычнай авіяцыі, які трымаў курс у бок Мазыра.
Таксама фіксаваліся пралёты беспілотнікаў у Брагінскім і Ельскім раёнах, а ў 9:03 "еРадар" паведаміў, што рэактыўны дрон накіроўваецца на Гомель. У 10:46 стала вядома, што чарговы расійскі беспілотнік вылецеў у Брэсцкую вобласць — курсам на Пінск. Верагодна, ён жа неўзабаве вярнуўся ва Украіну.
Як падлічыў "Флагшток", за першую палову сутак у Беларусь заляцелі мінімум 11 беспілотнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут