Расійскі тэлеканал "Царьград ТВ" хоча адкрыць карпункт у Беларусі

28/06/2021 - 14:42
Лагатып "Царьград ТВ"

Расійскі тэлеканал "Царьград ТВ" хоча адкрыць карпункт у Беларусі. Яго юрыдычная асоба "Царьград Медиа" ўжо шукае супрацоўнікаў, абяцаючы заробак ад 30 да 50 тысяч расійскіх рублёў без уліку падаткаў. Гэта прыкладна ад 1000 да 1750 беларускіх рублёў.

Пакуль што тэлеканал шукае не журналіста-тэлевізійніка, а рэдактара навінавай стужкі. Крыніца Office Life у царкоўным асяроддзі паведаміла, што, магчыма, карпункт размесціцца ў айца Фёдара Поўнага (гэта значыць, хутчэй за ўсё на базе Усіхсвяцкага прыходу на ўсходзе Мінска). Афіцыйных звестак на гэты конт пакуль няма.

Канал "Царьград ТВ" запушчаны ў 2016 годзе і нейкі час трансляваўся ў Расіі праз буйных кабельных аператараў. Але потым цалкам сышоў у інтэрнэт. Улетку 2020 года YouTube заблакаваў акаўнт "Царьграда", які ў адказ падаў у суд на Google. У красавіку 2021 года арбітражны суд горада Масквы задаволіў пазоў тэлеканала і прызнаў блакаванне яго акаўнта на Youtube незаконным. Аднак пакуль што яго не разблакавалі.

9 кастрычніка 2020 года "Царьград" завёў новы акаўнт на YouTube. У дадзены момант на ім 196 тысяч падпісчыкаў.

27 чэрвеня беларускі стэндапер Ідрак Мірзалізадэ прызнаўся, што за апошні месяц атрымаў некалькі тысяч пагроз. А за два дні да гэтага на яго быў здзейснены напад. Ён звязвае гэта з тым, што прапагандысты, сярод якіх Салаўёў і "Царьград ТВ", распаўсюдзілі вырваны з кантэксту хвілінны фрагмент ягонага выступу ў праграме "Разгоны", прадставіўшы коміка русафобам.

У праграме, пра якую ідзе гаворка, стэндап-комік расказваў, як складана паўднёваму чалавеку зняць кватэру ў Маскве і з якімі праявамі ксенафобіі ён сутыкаецца. Ксенафобы абразіліся і пачалі даказваць, што на самай справе ўсё не так. Што (нечакана) вылілася ў новыя праявы ксенафобіі і працягнулася нападам на Ідрака.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі