Расійскі дрон пашкодзіў саркафаг на Чарнобыльскай АЭС

14/02/2025 - 10:32

Беспілотнік даляцеў да Чарнобыльскай АЭС / x.com/iaeaorg/

Расійскі дрон трапіў у саркафаг на Чарнобыльскай АЭС. Здарэнне адбылося ў ноч з 13 на 14 лютага. Пра яго паведаміла Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі.

Як піша hromadske.ua, дрон патрапіў у дах ізаляцыйнага збудавання, якое абараняе зруйнаваны рэактар № 4. Пачаўся пажар. Ён быў аператыўна ліквідаваны. Адзначаецца, што няма "ніякіх прыкмет прарыву ўнутранай ахоўнай абалонкі". Узровень радыяцыі ўнутры і звонку "застаецца нармальным і стабільным". Падчас атакі дрона ніхто з людзей не пацярпеў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі піша, што расійскі ўдарны дрон быў з фугаснай баявой часткай. Паводле першых ацэнак, "пашкоджанні істотныя".

"Гэта сховішча Украіна будавала разам з іншымі краінамі Еўропы і свету, разам з Амерыкай — з усімі, хто хоча сапраўднай бяспекі для людзей, — адзначае Зяленскі. — Адзіная дзяржава ў свеце, якая можа атакаваць такія аб'екты, акупаваць тэрыторыю атамных станцый і весці баявыя дзеянні, наогул не лічачыся з наступствамі, — гэта сённяшняя Расія. І гэта тэрарыстычная пагроза ўсяму свету".

У Маскве заявілі, што адбылася "правакацыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі