Расіі не дапаможа змена цара — толькі поўны дэмантаж наяўнай дзяржавы

12/04/2022 - 14:17
Бел-сіня-белы сцяг як альтэрнатыва цяперашняму расійскаму сцягу / фота з блога nasedkin

Існуе меркаванне, што пачатая Расіяй вайна ва Украіне стане канцом пуцінскага рэжыму. Як гэта адбудзецца? Паўстане "глыбінны рускі народ" або галоўную ролю адыграе Захад?

— Мы бачым, як змяняецца стаўленне ўсяго свету да гэтай вайны, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Сяргей Чалы. — З "вы не пратрымаецеся і пару гадзін, чаго з вамі размаўляць" да "давайце хутчэй прыдумаем, як вайну скончыць, прыдумаем які-небудзь кампраміс". Кампраміс немагчымы не толькі праз пазіцыю Украіны, але і праз пазіцыю грамадстваў заходніх краін. Яны нядаўна зноў перажывалі, што палітыка супакойвання агрэсара не працуе. Няма нічога, што ты мог бы яму прапанаваць і пасля чаго ён бы супакоіўся. Апетыт не спаталяецца.

Такія рэжымы, як расійскі і беларускі, амаль заўсёды разбураюцца праз нейкія паразы. Эканамічныя, палітычныя, ваенныя. Часам яны самі сабе капаюць магілу, пачынаючы такога роду войны. Мы гэта ўжо бачылі. Такая краіна пачынае настройваць усіх супраць сябе, пачынае ваяваць з усімі і пасля гэтага прайграе.

Можа, для таго, каб спыніць імперскую агрэсію, Расіі трэба змяніць цара?

— Расія захаваецца ў тым самым выглядзе, толькі з іншай уладай, — мяркуе Сяргей Чалы. — У мяне ёсць вялікія сумневы, што змена ў Расіі дрэннага цара на добрага нешта сур'ёзна памяняе. Я лічу, што інстытуты [сацыяльныя. — Еўрарадыё] значна важнейшыя, чым якасць людзей, якія займаюць пазіцыі. Пісьменнік Уладзімір Сарокін піша — і піша правільна, — што праблема ў арганізацыі ўлады. Калі яна пабудаваная па прынцыпе "ты пагарджаеш сваім насельніцтвам, ненавідзіш яго, а потым задушваеш і пры гэтым знаходзішся ва ўладзе неабмежаваную колькасць часу", то рана ці позна ты ператвараешся ў "цмока".

Атрымліваецца, што змена цара — не варыянт. Што тады?

— Гаворка ідзе пра поўную змену інстытутаў, — адказвае Сяргей Чалы. — Гэта тое, што ў нацысцкай Германіі называлася поўнай безумоўнай капітуляцыяй. Гэты тэрмін азначае дэмантаж наяўнай дзяржавы і стварэнне новай.

Я лічу, што Расія ў 1991 годзе здзейсніла глыбінную памылку, абвясціўшы сябе пераемніцай СССР. Ёй трэба было гэтаксама, як і астатнім краінам, называць сябе новай дзяржавай. Яны вырашылі, што яны правапераемнікі. І атрымалі ў спадчыну ўсё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі