Расія ўжывае ва Украіне забаронены на вайне газ — Дзярждэпартамэнт ЗША

02/05/2024 - 06:23

Баявыя дзеянні ва Украіне / facebook.com/GeneralStaff.ua

Расія парушае міжнародную забарону на хімічную зброю, сцвярджаюць у ЗША. У амерыканскім Дзярждэпартаменце мяркуюць, што РФ ўжыла супраць украінскіх войскаў задушлівы сродак хлорпікрын. Пра гэта піша агенцтва Reuters. Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ), якая была створана для кантролю за выкананнем Канвенцыі па хімічнай зброі (Кха), унесла хлорпікрын у спіс забароненых задушлівых сродкаў.

"Выкарыстанне такіх хімічных рэчываў не з'яўляецца адзінкавым выпадкам і, верагодна, выклікана жаданнем расійскіх войскаў выцесніць украінскія войскі з умацаваных пазіцый і дамагчыся тактычных поспехаў на поле бою", — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.

Раней аб актыўным выкарыстанні Расіяй на поле бою гэтага сродку барацьбы з беспарадкамі казалі ўкраінскія вайскоўцы. З іх слоў, у дадатак да хлорпікрыну расіяне выкарыстоўвалі гранаты, начыненыя газамі CS і CN. Паведамлялася, што прынамсі 500 украінскіх жаўнераў праходзілі лячэнне пасля ўздзеяння таксічных рэчываў, адзін загінуў, задыхнуўшыся слёзатачывым газам.

Reuters адзначае, што калі такі газ ужываюць падчас беспарадкаў, пратэстоўцы могуць выратавацца або хутка атрымаць дапамогу, але жаўнеры, якія знаходзяцца ў акопах без процівагазаў, вымушаныя альбо бегчы пад агнём праціўніка, альбо рызыкуюць задыхнуцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі