Кадр з фільма "Радзіма"
Прайшло ўжо трыццаць гадоў з таго часу, як Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў Беларусі і стварыў свой аўтарытарны рэжым. Пакуль гэты перыяд гісторыі краіны яшчэ не атрымаў дастатковай рэфлексіі з боку культурных дзеячоў: пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў і кінематаграфістаў. Але пэўныя творы ўжо дазваляюць гэта зрабіць.
Еўрарадыё выбрала пяць дакументальных фільмаў, якія дазваляюць лепш зразумець сучасную Беларусь і разгледзець прычыны, чаму за апошнія трыццаць гадоў яна істотна не змянілася.
рэж. Юрый Хашчавацкі
Адным з першых рэжысёраў, хто адчуў пагрозу навіслага над краінай аўтарытарызма, стаў рэжысёр Юрый Хашчавацкі. Менавіта ён пасля двух гадоў першага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі зняў пра яго едкі, саркастычны і жахліва прароцкі дакументальны тэлефільм “Звычайны прэзідэнт”.
Амаж на знакаміты савецкі фільм Міхаіла Рома “Звычайны фашызм”, які чытаецца ў назве, тут зроблены нездарма. Хашчавацкі наўмысна праводзіць паралель паміж рэжымамі Лукашэнкі і Трэцім рэйхам, каб падкрэсліць іх агульную прыроду татальнага кантролю.
Разуменне прыходзіць праз маналог яшчэ жывога экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які расказвае пра жорсткія метады кіравання маладога прэзідэнта, а сам Лукашэнка наўпрост прызнаецца, што Германія пры Адольфе Гітлеры адпавядае яго разуменню моцнай прэзідэнцкай рэспублікі.
Хашчавацкі яшчэ не аднойчы звяртаўся да тэмы беларускай палітыкі ў наступных фільмах “Плошча” і “Звычайныя выбары”, але такога розгаласу, як “Звычайны прэзідэнт”, яны ўжо не мелі.
рэж. Аляксей Палуян
Для маладога пакалення беларусаў 2020 год стаў нечаканым адкрыццём таго, у якой сапраўды несвабоднай краіне мы жывем. Але спробы зрынуць рэжым беларусы рабілі і раней: у 1996, 2006 і 2010 гадах.
Увесь гэты набор падзей бясконцага супраціву рэпрэсіўнай уладзе рэжысёр Аляксей Палуян у сваім дэбютным поўнаметражным фільме “Смеласць” аб’яднаў у бесперапынны ланцуг, які, як аказалася, прадвызначыў фармаванне найбольш актыўнай і сацыяльна свядомай часткі грамадства.
Большасць часу аўтар засяроджваецца на падзеях 2020 года, але неабходнасць захавання памяці аб мітынгах мінулых пакаленняў і іх ахвярах праз тэатральнае мастацтва “Беларускага свабоднага тэатра” становіцца важным элементам аўтарскага паведамлення.
рэж. Барыс Нікалайчык
У адрозненні ад іншых фільмаў гэтага топу, “Вакол Беларусі” ніколі не планаваўся як крытычнае палітычнае выказванне. Створаны сумесна блогерам і пісьменнікам Ромам Свечнікавым і журналістам Барысам Нікалайчыкам трэвел-серыял для выдання 34mag расказвае пра падарожжа двух маладых хлопцаў па беларускай правінцыі.
У ім аўтары імкнуцца адлюстраваць сапраўднае і непрыхарошанае жыццё краіны, дзе палітычнае вымярэнне ўзнікае натуральна, без дадатковага ціску.
Змантаваны ў паўнаметражны фільм, “Вакол Беларусі” атрымаў галоўны прыз Нацыянальнага конкурсу “Лістапад” і выклікаў незадаволенасць чыноўнікаў Мінкульта. Менавіта пасля гэтага яны вырашылі ўзмацніць кантроль над фільмамі, што трапляюць на экраны галоўнага кінафестывалю краіны.
рэж. Максім Швед
Ці можа мастацтва шчыра расказаць, у якіх умовах жыве краіна і яе грамадства? Можа, асабліва калі гэта мастацтва вулічнае.
Дакументаліст Максім Швед знайшоў элегантны спосаб апавесці пра ўнутраную несвабоду Беларусі, прысвяціўшы свой фільм “Чыстае мастацтва” так званаму жэс-арту — практыцы камунальных службаў замалёўваць надпісы і малюнкі на сценах гарадоў прастакутнікамі і квадратамі розных колераў.
Паралельна з гэтым рэжысёр назірае за тым, як мастак Захар Кудзін стварае свае супрэматычныя малюнкі на вуліцах Мінска, узаемадзейнічаючы наўпрост з гараджанамі.
Па выніку ў аўтара атрымаўся не толькі фільм пра мастацтва, а злепак канца 2010-х — часу яшчэ траваеднага беларускага рэжыму, які дазваляў людзям рабіць тое, што сёння нават цяжка сабе ўявіць.
Праз гэта “Чыстае мастацтва” упершыню з беларускіх незалежных дакументальных фільмаў атрымала магчымасць паказу ў абмежаваным мінскім кінапракаце ў канцы 2019 года.
Сам фільм можна паглядзець па гэтай спасылцы.
рэж. Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка
Пакуль немагчыма цалкам усвядоміць, у якое пекла трапіла беларускае грамадства пасля 2020 года. Працэс асэнсавання калектыўнай траўмы і нанесенай шкоды яшчэ чакае беларусаў у будучыні, але ўжо цяпер можна разглядаць, як адбылася гэта гуманітарная і культурная катастрофа.
Пра гэта расказвае “Радзіма” — дакументальнае эсэ дуэта журналісткі Ганны Бадзякі і фатографа і дакументаліста Аляксандра Міхалковіча, прысвечанае феномену гвалту як інструменту ўлад для кантролю над беларускім грамадствам.
Распачаты як гісторыя судовай справы забітага ў войску жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча і беларускіх рэйвераў, якіх прызываюць у войска, аўтары пераходзяць ад выпадкаў дзедаўшчыны да маштабных падзей: падаўлення мітынгаў 2020 года і паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Нібы па этапах, аўтары прасочваюць эвалюцыю скатвання краіны да базавых інстынктаў, калі ўлада, імкнучыся кантраляваць грамадства, гатовая на якія заўгодна ахвяры.
І смерці людзей будуць успрымаюцца не як трагедыя, а толькі як непазбежныя выдаткі поспеху.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут