"Прыязджаю кожны год. 14 гадзін еду сюды, 14 назад"

26/04/2017 - 12:40

Трапіць на тэрыторыю беларускай часткі 30-кіламетровай зоны адсялення можна толькі са спецдазволам (выключэнне ― супрацоўнікі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка). Аднак раз на год на Радаўніцу ў "зоне" куды больш людзей, чым звычайна. Адміністрацыя дазваляе прыехаць на магілы пахаваных ля адселеных вёсак. Кантроль даволі жорсткі ― супрацоўнікі запаведніка правяраюць і рэгіструюць кожны аўтамабіль, праглядаюць пашпарты. Усе падазроныя аўтамабілі спыняюць, іх пасажыры маюць гутаркі з міліцыяй. "Дні адкрытых дзвярэй" цягнуцца звычайна 3-4 дні, знаходзіцца ў зоне можна з 8 да 17 гадзін.

Ручнікі на крыжах.
У Дзёрнавічы на Радуніцу прыязджаюць з усёй краіны. Таксама шмат аўтамабіляў з украінскімі і расійскімі нумарамі. Уезд у "зону" для замежнікаў каштуе 9 рублёў 20 капеек.
Ля магіл родных людзі ладзяць невялікія застоллі.
Дзмітрый Саханчук вешае фота на магіле маці.
Чатыры браты ля магілы родных. Злева-направа: Валянцін Макаранка, Дзмітрый Саханчук, Сцяпан Саханчук, Уладзімір Саханчук.

"Я кожны год прыязджаю сюды. 14 гадзін дарогі ў адзін бок, і 14 гадзін назад. Тут пахаваныя мае бацькі. Мы сустракаемся ўсе, нас пяцёра братоў і адна сястра... Гэта важна, таму што гэта наша зямля. Я тут таксама буду пахаваны. Я так хачу", ― расказвае Дзмітрый Саханчук. Ён прыязджае на Радаўніцу ў "зону" з Санкт-Пецярбурга. Родныя Дзмітрыя жывуць бліжэй. Сёлета ён сутыкнуўся з нечаканай праблемай. "Усе гады прыязджаў свабодна. Пашпарт паказваў, і ўсё. А сёлета на КПП сказалі плаціць 9 рублёў 20 капеек за ўезд у памежную зону. Прыйшлося ў Нароўлю ехаць назад і там плаціць у банку. Як так можна? Я ж на магілы да родных прыехаў, а не для забавы. Як можна за гэта браць грошы?" ― расказвае Дзмітрый. І паказвае квітанцыю аб аплаце збору.

Марыя Канстанцінаўна. Прыязджае на могілкі ў Дзернавічы штогод. Аднак у свой дом заходзіць баіцца: "Там могуць быць ваўкі, іншыя жывёлы. Страшна".

Сям'я Антоненка таксама прыязджае на могілкі ў Дзернавічы штогод. Яны ладзяць невялікае застолле. Хлеб, мяса, гародніна. Алкаголь. "Тут вось мой бацька пахаваны. На могілкі мы прыязджаем, стараемся. А ў свае дамы больш не ходзім. Раней хадзілі, а цяпер страшна. Кажуць, ваўкі там жывуць, іншыя дзікія звяры. Я некалькі гадоў назад падыходзіў да дома. Але унутр не зайшоў", ― расказвае Сцяпан Антоненка.

Сцяпан Антоненка побач з магілай бацькі.
Дзве сястры ля магілы брата.

Прыцягвае ўвагу тое, што ў Дзярновічах на крыжы вывешваюць белыя ручнікі з узорамі. Назіраць такі звычай даводзілася толькі тут. "Гэта наш, беларускі звычай. Ва Украіне падобны, але ў іх ручнікі іншыя, больш каляровыя. У нас свае ― белыя", ― расказваюць мясцовыя.

Крыжы над магіламі дзяцей па традыцыі невялікага памеру.

Радаўніца ў чарнобыльскай зоне пакідае незвычайныя адчуванні. У гэты дзень могілкі ля вёсак напоўненыя людзьмі і гоманам, ля іх мноства аўтамабіляў і пастаянны рух. А вёскі застаюцца мёртвымі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі