Прыватная ваенная кампанія ў Беларусі і абстрэл Адэсы — 44-я раніца вайны

08/04/2022 - 07:35
Жанчына ў Барадзянцы чакае, калі з-пад завалаў дастануць яе сям'ю / УНІАН

Расійскія войскі абстралялі Адэсу, пра гэта паведаміў спікер абласной адміністрацыі Сяргей Братчук. Дэталі ён паабяцаў пазней.

Кіраўнікі Мікалаеўскай і Сумскай абласцей кажуць, што ў іх рэгіёнах амаль не засталося расійскіх войскаў.

"У нас у вобласці іх практычна не засталося. [Яны застаюцца ў] Снігіроўцы і некалькіх вёсках на поўдні", — кажа кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім. Адтуль яны пэрыядычна абстрэльваюць Нікалаеў са "Смерчаў". Цытату прыводзіць "Громадське".

Выбухі ж у Сумскай вобласці ў апошнія дні — гэта вынік працы ратавальнікаў. Яны абясшкоджваюць расійскія боепрыпасы, тлумачыць кіраўнік рэгіёну Дзмітрый Жывіцкі.

Па дадзеных Генштаба ВСУ, расійскія войскі працягваюць рыхтавацца да наступу на ўсходзе Украіны. Праціўнік засяродзіў намаганні на захоп Марыупаля, прарыве на Данецкам кірунку і наступе ў раёне горада Ізюм (гэта Харкаўская вобласць). Сам Ізюм заняты расіянамі. Харкаў заблакаваны. У Луганскай вобласці расійскія войскі спрабуюць узяць пад кантроль гарада Папасная і Рубежнае. Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай ўжо некалькі дзён запар заклікае мясцовых па магчымасці з'язджаць — эвакуіравацца з гарадоў і мястэчак, якія знаходзяцца пад абстрэлам.

Жылы дом у Рубежным пасля абстрэлу / @luhanskaVTSA

У Беларусі ў цяперашні час ствараецца прыватная ваенная кампанія, ідзе адбор "добраахвотнікаў", кажуць ва ўкраінскім Генштабе, хоць і дадаюць, што гэтая "інфармацыя ўдакладняецца".

Ва Украіне таксама заўважылі, што на палігонах па ўсёй Беларусі ідуць "мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі". Іх праводзяць Узброеныя сілы РБ. Акрамя таго, больш ваенных падраздзяленняў стала на беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле звестак Генштаба УСУ, сюды дадаткова сцягнута "да чатырох батальённых тактычных груп".

"Застаецца верагоднасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па аб'ектах ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры на тэрыторыі Украіны", — кажуць ва ўкраінскім Генштабе.

Тым часам, у вызваленай ад расійскіх войскаў Барадзянцы (горад у Кіеўскай вобласці) пад заваламі трох дамоў знайшлі целы 26 загінулых жыхароў. Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на генеральнага пракурора Ірыну Венядзіктаву. Па словах пракурора, Барадзянка — гэта найбольш разбураны населены пункт Кіеўскай вобласці.

Разбурэнні ў горадзе Барадзянка Кіеўскай вобласці / Reuters

CNN паведамляе (са спасылкай на некалькі крыніц у Савеце ААН па правах чалавека), што расійскія дыпламаты напярэдадні галасавання аб выключэнні РФ з СПЧ накіроўвалі краінам-членам ААН паперу з пагрозамі. У лісце ішла гаворка аб нейкіх "наступствах".

Нагадаем, пытанне аб выключэнні Расіі з СПЧ ААН ініцыявалі ЗША.

"Варта адзначыць, што не толькі падтрымка такой ініцыятывы, але і роўнааддаленая пазіцыя пры галасаванні (устрыманне або няўдзел) будуць разглядацца як недружалюбны жэст", — цытуе выданне дакумент.

Тым не менш Генеральная Асамблея ААН прагаласавала за адхіленне Расіі ад удзелу ў Савеце па правах чалавека. "За" прагаласавалі 93 чалавекі, супраць — 24, устрымаліся — 58.

Напярэдадні ў Кіеў вярнуўся пасол Літвы. Гэта першы кіраўнік дыпмісіі, які вырашыў вярнуцца ў сталіцу Украіны, адзначае "Громадське". Зноў працуюць і дыпламаты Латвіі. А ў бліжэйшыя дні плануе прыехаць ў Кіеў і пасол Эстоніі.

Легендарныя Pink Floyd зрабілі сваю версію "Чырвонай каліны", якую ў пачатку вайны выканаў у цэнтры Кіева лідар "Бумбокса" Андрэй Хлыўнюк. "Hey, Hey, Rise Up!" — па сутнасці першая новая песня Pink Floyd з 1994 года.

Грошы ад продажу сінгла будуць накіраваныя на дапамогу ўкраінцам, якія пацярпелі ад вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі