Пры якіх умовах Юрый Чыж можа выйсці на волю ўслед за Баскіным

23/03/2016 - 14:34

Вечарам 22 сакавіка магілёўскі бізнесмен, кіраўнік кампаніі “Сервалюкс” Яўген Баскін нечакана паведаміў журналістам, што вызваліўся з СІЗА КДБ. Навіна гэтая была тым больш нечаканай, што за кратамі Баскін правёў усяго тыдзень — яго затрымалі 15 сакавіка ў аэрапорце падчас спробы ўцячы з краіны. Ужо праз дзень кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык расказваў, што Баскін не выплаціў краіне падаткаў мінімум на 370 мільярдаў рублёў.

І вось Баскін ужо на волі. Пакуль не вядома, ці знялі з яго абвінавачванне — пра гэта маўчаць і спецслужбы, і сам бізнесмен. Па чутках, ён знаходзіцца пад хатнім арыштам у Магілёве. Юрыст са шматгадовым стажам Тамара Сідарэнка кажа, што такія цуды ў Беларусі цалкам адпавядаюць заканадаўству.

“У нас ёсць па законе магчымасць вызвалення асобы ад крымінальнай адказнасці альбо проста змянення меры ўтрымання пры ўмове кампенсацыі нанесенай шкоды і гэтак далей. І вось вы бачыце, што Баскін, у маім разуменні, нейкую шалёную суму кампенсаваў”, — выказвае меркаванне эксперт.

Пры гэтым сума, якую, па ўсім зразумела, кампенсаваў Яўген Баскін, павінна значна перавышаць памер нанесенай шкоды. І не проста значна, а ў разы, расказвае Сідарэнка:

“Калі вядзецца гаворка пра кампенсацыю шкоды, то гэта робіцца як правіла не ў аднакратным памеры. І як вызначаецца гэты памер, дакладна не вызначана. Гэта вырашаюць зусім розныя структуры і людзі, пачынаючы ад органаў следства, заканчваючы асабіста кіраўніком краіны”.

Фігурантам "справы Чыжа" выставілі абвінавачванне

Яшчэ пяцярых затрыманых абвінавачваюць паводле ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад уплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Такі самы артыкул выставілі і асноўнаму фігуранту.

Такім чынам, можна толькі здагадвацца, колькі каштаваў магілёўскаму бізнесмену перавод з “Амерыканкі” ў родны магілёўскі дом. Але факт — сума павінна быць проста астранамічная. Былую сенатарку і канкурэнтку Баскіна Ганну Шарэйку ўжо які тыдзень судзяць за нанясенне значна меншай шкоды памерам у 150 мільярдаў. Віны яна не прызнае і, відаць, ад турмы не адкруціцца.

Ці можна чакаць такога ж хуткага вызвалення з СІЗА КДБ Юрыя Чыжа? Пытанне адкрытае. Для гэтага бізнесмену трэба як мінімум прызнаць сваю віну і кампенсаваць дзяржаве шкоду з гакам. Пакуль не вядома дакладна, пра якія сумы ідзе гаворка — па інфармацыі з КДБ Чыж прычыніў страты на “мільярды рублёў”. Сам бізнесмен загадаў свайму адвакату нічога СМІ не казаць. Як паказвае практыка, “цудоўныя вызваленні” беларускіх бізнесменаў здараюцца і праз шмат месяцаў пасля іх арышту.

Але самае цікавае ў гэтай беларускай сістэме нечаканых вызваленняў узамен на шматразовую кампенсацыю нанесенай шкоды — яе выбарачнасць. У большасці выпадкаў зрабіць гэта могуць толькі тыя, хто скраў вельмі вялікія сумы грошай. Звычайныя злачынцы такой магчымасці, як правіла, не маюць, дзеліцца досведам Тамара Сідарэнка:

“Такая схема рэдка прымяняецца да звычайных грамадзян, якія пракраліся не нашмат. Такія людзі атрымліваюць вызначанае законам пакаранне. А людзі, якія парушылі закон, сур’ёзна парушылі і маюць рэальную магчымасць аднекуль узяць такія грошы — вось яны вызваляюцца ад адказнасці”.

Такім чынам, маем парадаксальную сітуацыю, калі, скраўшы мех бульбы, можна сесці ў турму на гады, а не заплаціўшы мільярды падаткаў — выйсці на свабоду праз тыдзень. І ўсё гэта абсалютна законна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі