Промпты замест ведаў: што не так з навучаннем ШІ ў беларускіх школах

21/08/2026 - 13:07

ШІ ў школе / euroradio.fm

З новага навучальнага года Міністэрства адукацыі Беларусі абнавіла праграму па інфарматыцы для VI–IX класаў, дадаўшы ў яе асновы працы са штучным інтэлектам і кібербяспекай. Падлеткаў абяцаюць навучыць пісаць промпты, распазнаваць дыпфейкі і нават рашаць задачы на стыку навук.

Але ці гатова да гэтага рэальная школа і, галоўнае, наколькі карыснымі будуць гэтыя ўрокі для сучасных падлеткаў?

Каб разабрацца ў гэтым, Еўрарадыё звярнулася да рэпетытара па праграмаванні Дзмітрыя Б. (імя зменена), які патлумачыў, чаму новая ініцыятыва чыноўнікаў больш падобная да прыгожай абгорткі, пад якой хаваецца кадравы і тэхнічны крызіс.

Дэфіцыт кадраў і “інфацыганшчына” вакол навучальнай праграмы

На думку Дзмітрыя, запуск новай праграмы ў цяперашніх рэаліях выглядае як чарговы папулізм. У беларускай сістэме адукацыі хапае значна больш глыбокіх і важных праблем, якія патрабуюць першачарговага рашэння. Галоўная з іх — востры дэфіцыт кваліфікаваных выкладчыкаў.

Рэпетытар спасылаецца на свайго калегу — настаўніка матэматыкі і інфарматыкі Сяргея Альшэўскага, які раней прыводзіў статыстыку: па стане на верасень 2025 года толькі 83% настаўнікаў інфарматыкі ў Беларусі мелі профільную адукацыю. Атрымліваецца, што астатнія 17% настаўнікаў выкладалі прадмет без яе.

Дзмітрый падкрэслівае:

— Праблема “чаму вучыць” увогуле не стаяла б так востра, калі б у школах проста было каму вучыць. Але людзей, здольных якасна выкладаць, становіцца ўсё менш і менш. І колькі б новых тэм мы ні ўводзілі ў навучальную праграму, гэта само па сабе праблему дэфіцыту кадраў не вырашыць. Назіраючы за тым, што адбываецца вакол гэтай ініцыятывы, я бачу ва ўсім гэтым хутчэй чарговую “інфацыганшчыну”.

Джэнсэн Хуанг / Doers & Doings

“Шакаладка Альшэўскага” і пагроза крытычнаму мысленню

Асобную ўвагу аўтары новай праграмы надаюць фактчэкінгу і ўменню правяраць дакладнасць інфармацыі. Аднак Дзмітрый сумняваецца ў эфектыўнасці такога падыходу ў межах школьных урокаў.

У якасці прыкладу ён зноў спасылаецца на калегу Сяргея Альшэўскага, які ў сваёй публікацыі “Ці справіцца ШІ з адукацыяй?” наглядна апісаў кейс з дзяленнем шакаладкі нейрасеткай.

Хто павінен вучыць і што пачытаць “замест урокаў”?

На думку Дзмітрыя, якаснае навучанне тэхналогіям будучыні немагчыма пабудаваць сіламі звычайных настаўнікаў, якія прайшлі кароткія курсы.

— Па-першае, гэтым павінна займацца каманда прафесіяналаў: інжынераў-практыкаў, якія непасрэдна распрацоўваюць і ўкараняюць гэтыя тэхналогіі ў рэальным сектары, разам з моцнымі метадыстамі і педагогамі. Навучанне павінна будавацца на зразумелай дзецям мове, зыходзячы з канкрэтных жыццёвых сітуацый. Але якаснае навучанне — гэта доўга, дорага і складана.

У сённяшніх рэаліях выкладанне ШІ рызыкуе ператварыцца ў навучанне стварэнню слайдаў або дакументаў у Google Docs з дапамогай убудаваных памочнікаў, што ніяк не вырашае рэальных праблем адукацыі.

За мяжой да выкладання прыцягваюць спецыялістаў з IT-кампаній. Рэпетытар згодны з такім падыходам: тэхналогіям павінен вучыць той, хто сам іх стварае і ўкараняе.

Акрамя гэтага, крытычна важны глыбокі філасофскі і этычны падмурак, які ў айчыннай праграме цалкам упускаецца. Без гэтага ініцыятыва ператвараецца ва “ўкараненне дзеля ўкаранення” і звычайны папулізм.

Для бацькоў, якія сапраўды хочуць, каб іх дзеці разабраліся ў тэме ШІ і разумелі яго значэнне для будучыні, Дзмітрый рэкамендуе дзве кнігі:

    Суразмоўца Еўрарадыё перакананы: чытанне гэтых кніг прынясе дзецям у разы больш карысці, чым спробы асвоіць школьныя новаўвядзенні, і дапаможа ўзняць сапраўды важныя пытанні пра нашу будучыню.

    Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

    Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

    Апошнія навіны

    Выбар рэдакцыі