Прэзентацыя на Еўрарадыё: дэбютны альбом “Прыцягненне” гурта Haina

10/12/2015 - 09:38

Мінскае рок-трыа Haina, якое грае незвычайным складам баян-скрыпка-барабаны, прэзентуе на Еўрарадыё дэбютны альбом “Прыцягненне”. Дыск складаецца з 11 трэкаў, адзін з якіх — інструментальнае Intro. Па прызнанні музыкаў на стварэнне альбома іх падштурхнула перамога ў намінацыі “Дэбют-2014” на прэміі “Даём рады” і прыз ад студыі “Осмас” на 50 гадзін студыйнай працы.

“Калі агулам казаць пра працу над альбомам, то ніякіх прынцыповых адыходаў ад таго, што мы рабілі раней, няма, — параўноўвае запіс EP “Мішэні”, за які музыкі і атрымалі прыз, і ўласна альбома лідар гурта Ілля Паплёўка. — Гэта нашы песні, якія мы пісалі на працягу апошняга года, можа, крыху больш. Але падчас запісу ЕР мы ведалі, што нам проста патрэбны запіс, таму адзін дзень правялі на студыі і зрабілі такі жывак. З альбомам жа ўсё па-іншаму. Кожны інструмент запісваўся паасобку, мы думалі над гукам, думалі над кожным інструментам…Як мне падаецца падышлі да справы досыць адказна і больш прафесійна”.

Бубнач Аляксандр папрацаваў і над гучаннем баяна. Ён паўгода разбіраў інструмент фронтмэна, спрабаваў, падбіраў і ў выніку самастойна спаяў адмысловую падгучку. Менавіта ў такім гучанні баян запісаны на альбоме “Прыцягненне”.

Канцэртная прэзентацыя “Прыцягнення” адбудзецца толькі ў наступным годзе, яе дакладную дату мы паведамім пазней, рыхтуйцеся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі