Пракурор патрабуе 10 гадоў для саўладальніка моднага бара “Шцірліц”

11/05/2019 - 13:39

Саўладальніку моднага бара “Шцірліц” Уладзіславу Брышцелю, якога цяпер судзяць за “наркатычнае” злачынства, пракурор патрабуе 10 гадоў калоніі. 11 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы адбыліся спрэчкі ў гэтай справе, паведамляе TUT.by. Абвінавачаны спадзяецца на мяккае пакаранне.

Брышцеля абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў. У судзе ён прызнаўся, што сам з 12 гадоў спажываў такія сродкі, а пайсці на злачынства яго прымусілі цяжкія сямейныя акалічнасці: у 2013 годзе нарадзілася дачка, якая мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, а грошы былі патрэбныя на лекаванне. Бізнес у той час не прыносіў патрэбных сродкаў.

Абвіначаваны адразу прызнаўся ў злачынстве і стаў супрацоўнічаць са следствам. У кастрычніку 2018 года ён вырашыў набыць на продаж марыхуану, аднак прадавец намовіў яго ўзяць “соль” — асабліва небяспечны псіхатроп. Брышцель забраў тавар у лесе ля Мінскага мора, пасля расфасаваў яго і стаў рабіць закладкі. Падчас адной з закладак яго затрымалі.

Фігуранту справы пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Аднак абвінавачаны спадзяецца, што суд улічыць яго супрацоўніцтва са следствам і наяўнасць дзіця-інваліда, а таму прызначыць пакаранне ніжэй за мінімальнае.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі