Праезд ва ўсім грамадскім транспарце Мінска можна будзе аплаціць анлайн

21/07/2020 - 16:27

Праезд ва ўсім грамадскім транспарце Мінска можна будзе аплаціць анлайн. Да 1 верасня ў сталіцы збіраюцца ўкараніць сэрвіс TIX і сістэму "Аплаці" ў салонах 2,5 тысячы транспартных сродкаў, паведамляе ў Telegram прэс-служба Мінгарвыканкама.

Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Аляксандр Дараховіч кажа, што "сучасныя спосабы аплаты праезду запатрабаваныя ў гараджан". Паводле яго слоў, "абедзве сістэмы зарэкамендавалі сябе добра". І людзям дадуць права выбару больш зручнай для іх.

"Даступныя будуць дзве сістэмы аплаты з дапамогай мабільных дадаткаў, — распавядае чыноўнік. — Кожны скарыстаецца той, якая яму больш падабаецца".

Магчыма, што з 1 верасня новаўвядзенне з'явіцца і ва ўсіх сталічных маршрутках. "Над гэтым будуць узмоцнена працаваць", — кажа Дараховіч.

Што да аплаты праезду ў метро, то яна будзе развівацца "з дапамогай сканавання твару". Тэставанне дало добрыя вынікі. Спачатку новую сістэму ўвядуць на трэцяй лініі метро, пазней — на першай і другой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі