Праект акумулятарнага завода пад Брэстам адкліканы з экспертызы

16/12/2018 - 13:56

Праекціроўшчык акумулятарнага завода пад Брэстам адклікаў дакументацыю з экспертызы. Паўторная экалягічная экспэртыза павінна была завяршыцца 14 снежня. Новыя тэрміны яе правядзення пакуль невядомыя.

Пра тое, што праекціроўшчык акумулятарнага завода “АйПауэр”, які плануецца пабудаваць каля горада, адклікаў праектную дакументацыю з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, брэсцкаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу паведаміла 15 снежня падчас наўпроставай лініі першы намесьнік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзям Ія Малкіна.

Па словах Малкінай, вынікаў паўторнай экспертызы няма,бо актывісты даслалі на камісію дадатковыя матэрыялы.

Малкіна таксама паведаміла, што ў сувязі з заўвагамі Мінпрыроды “праектная арганізацыя будзе даваць тлумачэнні па экалагічных складніках” завода. Мінпрыроды прапанавала праектнай арганізацыі сустрэцца з грамадскімі актывістамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Пакуль невядома, ці такая сустрэча адбудзецца, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

Пратэсты супраць будаўніцтва кітайскага акумулятарнага завода пад Брэстам працягваюцца са студзеня 2018 года. Супраць разгортвання такой вытворчасці сабрана каля 40 тысяч подпісаў. На пачатку снежня актывісты былі на сустрэчы з міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Яна доўжылася болей за пяць гадзінаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі