Прадзюсаваць удзельніка "Еўрабачання" ад Беларусі прапанавалі Кіркораву?

04/12/2017 - 12:07

“Кароль расійскай поп-музыкі” Філіп Кіркораў збіраецца выступіць на сёлетнім "Еўрабачанні" ў якасці прадзюсара і рыхтаваць да конкурсу ўдзельніка "адной сяброўскай краіны". Пра гэта спявак заявіў выданню Dni.Ru падчас запісу шоу "Песня года":


"На днях на мяне выйшлі з прапановай ад адной сяброўскай нам краіны, і я пагадзіўся прадзюсаваць яе ўдзельніка, — прызнаўся Кіркораў. — Мая dream team зробіць усё магчымае для бліскучага нумара — ад песні да пастаноўкі".

 

Цалкам верагодна, што пад адной з самых блізкіх сябровак Расіі Кіркораў мае на ўвазе Беларусь. Тым больш, што дагэтуль ён ужо прадзюсаваў выступы на "Еўрабачанні" Анжалікі Агурбаш і Дзмітрыя Калдуна


У той жа час расійскі прадзюсар Віктар Дробыш у размове з Еўрарадыё не выключыў удзелу ў беларускім адборы яго пратэжэ Зіны Купрыяновіч. Праўда, на момант правядзення "Еўрабачання" Зіне не споўніцца 16 гадоў, а гэта абавязковая ўмова, паводле рэгламенту конкурсу.

Піяршчык "Еўрабачання" Сяргей Андрыянаў не бачыць нічога страшнага ў тым, што прадзюсаваць беларускі нумар могуць Кіркораў ці Дробыш:

"Трэба разумець, што Белтэлерадыёкампанія мае права выступіць прадзюсарам, але, на жаль, не можа, паводле палажэння аб нацыянальным адборы, загадзя выказваць сваю сімпатыю нейкаму артысту як прадзюсар: толькі пасля вызначэння пераможцы. Пасля гэтага цэлы месяц сыходзіць на фарміраванне каманды, прыстасаванне характараў і гэтак далей. А Кіркораў і Дробыш ужо маюць гатовую каманду, і таму такую каманду я жадаю кожнаму нашаму выканаўцу. Каманда — гэта вельмі важна". 


Па словах Андрыянава, апроч каманды, важна, каб артысты, якія прэтэндуюць паехаць ад нашай краіны на "Еўрабачанне", мелі добры бэграўнд: перамогі ў конкурсах і тэлешоў кшталту "Голасу", X-Factor, "Славянскі базар".


"Еўрабачанне-2018" пройдзе ў траўні ў Лісабоне.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі