Праціўнікі АКБ зноў сабраліся ў цэнтры Брэста, хоць завод прыпыняюць

30/06/2019 - 12:46

У Брэсце праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў сабраліся ў цэнтры горада, хоць запуск прадпрыемства прыпынены, а сузаснавальнік АКБ Віктар Лемяшэўскі затрыманы. Як паведамляе TUT.by, людзі прыйшлі на плошчу Леніна дзеля традыцыйнага “кармлення галубоў”. На такія акцыі ў Брэсце збіраюцца кожную нядзелю ўжо амаль паўтара года.

Прысутныя на сустрэчы абмеркавалі сітуацыю вакол прадпрыемства і выказалі недавер уладам. Людзі мяркуюць, што затрыманне Лемяшэўскага магло быць хітрасцю, спосабам адцягнуць увагу грамадскасці.

Адзін з лідараў пратэсту Дзям’ян Лепясевіч сказаў, што толькі калі сузаснавальнік завода будзе асуджаны, а ўсё абсталяванне з прадпрыемства вывезенае,  тады можна будзе сказаць, што “ўлада зрабіла ўсё згодна з законам”.

14 чэрвеня Брэсцкі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода “да выпраўлення выяўленых парушэнняў”. 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі