Трох беларусаў асудзілі па "справе BYPOL" / "Вясна"
Драконаўскія прысуды вынес Мінскі абласны суд тром беларусам па "справе BYPOL".
Як піша праваабарончы цэнтр "Вясна", 26 кастрычніка былі абвешчаныя прысуды палітвязням Генрыху Агееву і Юрыю Васілеўскаму, а таксама Івану Балашэнку.
Васілеўскаму прызначылі 17 гадоў зняволення, Агееву — 21 год зняволення, Балашэнку — 25 гадоў зняволення. Іх асудзілі паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сярод іншага беларусаў вінавацілі ва "ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі" і "здрадзе дзяржаве".
Паводле інфармацыі"Вясны", пераслед мужчынаў звязаны з ініцыятывай BYPOL, якую ў Беларусі ў 2022 годзе абвясцілі "тэрарыстычнай арганізацыяй".
Агееў — былы сілавік з Брэстчыны, якому ў верасні споўнілася 32 гады. Яго затрымалі ў лютым 2024 года ў Крыме. Сам мужчына казаў сукамернікам, нібыта ездзіў па заданні былога супрацоўніка ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы BYPOL Аляксандра Азарава. Каля сямі месяцаў яго трымалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі, дзе збівалі ды катавалі. У верасні 2024-га Агеева экстрадавалі ў Беларусь без дакументаў.
Васілеўскі быў выкладчыкам кафедры электразабеспячэння БНТУ. У 2017-м быў уключаны ў Рэестр судовых экспертаў як спецыяліст па судовай будаўніча-тэхнічнай экспертызе. Затрыманы ў верасні 2025 года.
39-гадовы Іван Балашэнка — былы падпалкоўнік Ваеннай акадэміі. Да таго ён служыў у 103‑й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе Сіл спецыяльных аперацый. Пасля 2021 года мужчына пакінуў службу і стаў працаваць кіроўцам — у таксі ды лагістычных кампаніях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут