Помнік Касцюшку ў Залатурне могуць адкрыць без шыльды

10/10/2017 - 18:08

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне дакладна будзе адкрыты, як і планавалася, 21 кастрычніка. А вось лёс шыльды, з-за якой пачаўся канфлікт паміж беларускай дыяспарай, Амбасадай Польшчы ў Швейцарыі і мэрыяй Залатурна, пакуль не вядомы. 


Паставіць помнік Касцюшку ў горадзе, дзе ён памёр і дзе пахаваныя яго ўнутраныя органы ў 200-ю гадавіну смерці нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША — ідэя беларусаў Швейцарыі. Яны сабралі грошы, замовілі манумент ва ўкраінскага майстра і прывезлі яго ў Залатурн. На шыльдзе мусіў быць надпіс па-нямецку і па-беларуску: "Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў. Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі. 2017". Аднак нечакана згадкі пра Беларусь і беларуская мова з шыльды зніклі — пра гэта паклапаціліся польскія дыпламаты. Яны прыгразілі мэрыі Залатурна адмовіцца ад удзелу ў польска-швейцарскіх урачыстасцях 15 кастрычніка, калі надпіс не будзе выпраўлены (беларусы хацелі ў гэты ж дзень адкрыць і помнік, але палякі запратэставалі). Мэрыя, спаслаўшыся на немагчымасць вызначыць гістарычную справядлівасць, падтрымала палякаў. Цяпер польскі бок ігнаруе спробы беларусаў арганізаваць перамовы, каб знайсці кампраміс, які задаволіць усіх. 

"Першы варыянт, пра які мы хочам размаўляць з мэрам, гэта каб новы надпіс, зацверджаны палякамі "Gestiftet von der Weissrussischen Vereinigung in der Schweiz 2017" ), што перакладаецца, як "Пастаўлены Беларускім аб'яднаннем Швейцарыі ў 2017 годзе") быў прадубляваны па-беларуску. Калі гэтага зрабіць не атрымаецца, то другі варыянт — у гэтую нямецкамоўную версію дадаць два словы "ад беларускіх суайчыннікаў". Пакуль мы не атрымаем згоду ўсіх трох бакоў, шыльду ставіць не будзем", — тлумачыць цяперашнюю сітуацыю ў размове з Еўрарадыё намеснік кіраўніка Беларускага аб'яднання ў Швейцарыі Алесь Сапега.

Да гісторыі з помнікам Касцюшку падключылася і Амбасада Беларусі ў Швейцарыі. Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Павел Мацукевіч накіраваў ліст мэру Залатурна Курту Флуры з прапановай сустрэцца і абмеркаваць сітуацыю. 


"Перамоваў пакуль не адбылося, бо, як мне сказалі ў мэрыі, мэр знаходзіцца ў адпачынку і будзе толькі 11 кастрычніка. Таму трэба пачакаць, — распавядае Павел Мацукевіч. — Усталяванне помніка Касцюшку ў Залатурне — вельмі добрая ідэя і выдатна, што беларусы Швейцарыі ўзялі на сябе гэтую справу. Мы ж са свайго боку пастараемся ўсё зрабіць, каб дапамагчы Беларускаму аб'яднанню ў гэтай сітуацыі".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі