Чытаць болей: Кто и как хотел расколоть BYPOL?
— Таму мы, маючы інфармацыю, яе паведамілі. Мы не называем персанальнай інфармацыі гэтых асобаў, бо гэта забаронена польскім законам. Але мы папярэджваем беларусаў, а яны могуць прымаць рашэнне — працаваць з імі [BELPOL. — Еўрарадыё] ці не працаваць.
І што зрабіла з гэтай інфармацыяй Польшча?
У BYPOL кажуць, што ўзаемадзеянне з польскімі спецслужбамі па "раскрыцці" агента ў BELPOL пачалося яшчэ вясной 2023 года. І што, гэты неназваны чалавек дагэтуль знаходзіцца ў крэсле кіраўніка арганізацыі? Чаму ён яшчэ ў Польшчы і не паспрабаваў выехаць? Азараў тлумачыць так:
— Усе, хто меў дачыненне да BYPOL, стаяць на кантролі перасячэння мяжы. Памежнікі заўсёды правяраюць нас па пэўнай базе, тэлефануюць у Варшаву, пытаюць, ці можна нас прапускаць. Гэта зроблена, каб мы не маглі спакойна вярнуцца ў Беларусь. Памежнікі адразу патэлефануюць і паведамяць, што ён спрабуе пакінуць краіну.
Трэба разумець, у якіх узаемаадносінах мы знаходзімся з іншымі дзяржавамі. Мы не партнёры, не такая ж служба, як яны. І паводле заканадаўства яны не маюць права абмяркоўваць з намі службовыя пытанні. Мы можам толькі перадаць ім інфармацыю.
Нягледзячы на тое, што ў апублікаваным відэа імя "агента" не называецца, у ім даецца шмат дэталяў, якія паказваюць на канкрэтнага чалавека. Дык чаму не назваць імя?
Лупаносаў кажа, што гэта забаронена польскім заканадаўствам. Пакуль няма доказаў супрацоўніцтва чалавека са спецслужбамі, называць яго агентам нельга, нават калі вельмі хочацца.
— Але мы вырашылі папярэдзіць беларусаў. Мы бачым, чым пачала займацца гэтая арганізацыя, і гэта адказ на іх працу па дыскрэдытацыі нас.
А куды падзеўся "пакт пра ненапад"?
Атрымліваецца, "пакт пра ненапад" паміж BYPOL і BELPOL разарваны і арганізацыі зноў будуць спрабаваць выводзіць адна адну на чыстую ваду? Калі так — чаму толькі цяпер?
— Так, на сустрэчы, дзе прысутнічалі ў тым ліку Святлана Ціханоўская і Франак Вячорка, мы дасягнулі дамоўленасці: не выходзіць у эфір і супакоіцца. Мы з гэтым пагадзіліся, але тым бокам гэтая дамоўленасць была парушаная. У эфір пачалі выходзіць людзі, якія раней працавалі ў BYPOL, угаворвалі людзей высунуць ілжывыя абвінавачанні супраць нас. І праца ішла штодня: практычна два тыдні ліліся ілжывыя абвінавачанні ў адрас BYPOL.
І мы прынялі стратэгію: дачакаемся вынікаў аўдыту, які пацвердзіць памылковасць, жахлівасць абвінавачанняў у наш адрас, пасля чаго мы адкажам на ўсе абвінавачанні і раскажам праўду — чаму гэтыя людзі былі звольненыя з нашай арганізацыі, — тлумачыць Азараў Лукашуку.
Еўрарадыё запрашала ў гэты эфір і прадстаўнікоў BELPOL, але яны адмовіліся ад сумеснага інтэрв'ю. Але даслалі экс-калегам па BYPOL спіс пытанняў. Як адказалі на іх Азараў і Лупаносаў? Глядзіце ў эфіры Еўрарадыё.