Платныя паркоўкі, дэфіцыт трэсак і пагрозы. Што прапаганда піша пра Польшчу

26/08/2026 - 14:08

У Польшчы ўсё дрэнна, і яна рыхтуецца ваяваць (калі верыць прапагандзе) / euroradio.fm

У тэлеграм-канале галоўнага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА каля 2% усіх пастоў так ці інакш звязаны з Польшчай. Здавалася б, няшмат, але па сутнасці гэта кожнае 50-е паведамленне ў велізарным патоку навін.

Еўрарадыё прааналізавала публікацыі ў тэлеграм-канале БелТА з пачатку чэрвеня да сярэдзіны жніўня — у выбарцы было амаль 11 тысяч публікацый. І аказалася, што колькасць навін пра Польшчу паступова павялічваецца.

Вядома ж, амаль усе навіны са згадкай Польшчы — негатыўныя. Выключэнне — спартыўныя навіны.

Самая папулярная тэма — розныя праблемы ў Польшчы. Даходзіць да таго, што галоўнае інфармацыйнае агенцтва краіны распавядае пра дэфіцыт пілавіння ў адным з польскіх рэгіёнаў ці пра тое, што ўсё больш гандлёвых цэнтраў і крамаў робяць свае паркоўкі платнымі. Сюды ж — навіны пра польскі рынак працы і рост коштаў (пры тым, што інфляцыя ў Польшчы ніжэйшая, чым у Беларусі).

Другая па частаце тэма — "ваенная пагроза", якая зыходзіць з Польшчы. Розныя вучэнні, амерыканская ваенная база і далей па спісе — малюецца карціна падрыхтоўкі да агрэсіі супраць Беларусі.

Канечне, у топ тэм таксама трапляюць навіны пра чэргі на мяжы — з частымі каментарыямі пра тое, што ў іх вінаваты польскі бок. Амаль з такой жа частатой усплывае тэма антыўкраінскіх і антымігранцкіх настрояў у Польшчы: маўляў, грамадства стамілася ад мігрантаў, усё часцей узнікаюць канфлікты, а большасці замежнікаў можа пагражаць дэпартацыя.

На пятым месцы — тэма канфлікту паміж уладамі Польшчы і Украіны, які ўзнік пасля рашэння Уладзіміра Зяленскага прысвоіць адной з вайсковых часцей імя "Герояў УПА". БелТА асвятляла гэтую тэму больш актыўна, чым многія польскія ці ўкраінскія медыя. А ў каментарыях "палітолагаў" часта гучала, што паміж афіцыйнымі Кіевам і Варшавай адбыўся "канчатковы разрыў".

Другая суседка Беларусі, Літва, упамінаецца ў БелТА амаль у два разы радзей, чым Польшча. Часцей за ўсё сярод дзяржаў згадваюцца, што лагічна, Расія і Украіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі