Песні ZAZ пераклалі на беларускую

09/04/2016 - 16:06

Тыдзень таму Еўрарадыё і канцэртнае агенцтва Atom Entertainment зладзілі конкурс перакладаў песні "Je Veux", аднаго з хітоў французскай спявачкі ZAZ, канцэрт якой адбудзецца 10 красавіка ў мінскім Палацы Спорту.

Французская мова не стала перашкодай для беларусаў — на конкурс даслалі тузін перакладаў. У беларускіх версіях французскай песні фігуравалі і Дразды, і Мірскі замак з Нясвіжам. Пры выбары пераможцаў рэдакцыя Еўрарадыё ацэньвала ўдалую адаптацыю да беларускіх рэалій, а таксама наяўнасць рытму, каб беларускую версію хіта таксама можна было выканаць.

У выніку перамогу ў конкурсе атрымала Паліна Паланейчык, вядомая таксама як беларуская спявачка Паліна Рэспубліка. Яна не толькі зрабіла пераклад, але і на ўласным прыкладзе паказала, наколькі цікава гучыць песня Zaz па-беларуску. Бэк-вакалістам у версіі выступіў сын Паліны Сцяпан.


Праўда, выконваць на канцэртах песню Zaz на беларускай мове Паліна не збіраецца:
"Аўтарскія правы — гэта ж сур'ёзна. А дамаўляцца з Zaz, каб выконваць яе песню... У мяне і сваіх хапае! Да таго ж, я лічу, што па-французску гэтая песня гучыць цікавей".

 

Паліна Рэспубліка _ Кавер Je veux для конкурса Еўрарадыё

Другое месца ў конкурсе заняў слухач Еўрарадыё Павел.


Абодва пераможцы атрымаюць па квітку на канцэрт ZAZ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі