Ператварыліся ў "шасцёрку" агрэсара: роля Беларусі ў канфлікце Расіі і Украіны

25/01/2022 - 12:38
Пуцін і Лукашэнка / БЕЛТА

У выпадку ваеннага канфлікту паміж Украінай і Расіяй у Лукашэнкі не выйдзе застацца ўбаку. Ён, у прынцыпе, на гэта і не разлічвае, мяркуе аналітык Сяргей Чалы:

— Вядома, Лукашэнка хочацца паўдзельнічаць не ўдзельнічаючы: як мага менш намаганняў прыкласці, але пры гэтым як мага больш прапагандысцкага эфекту атрымаць. Мы гэта бачылі на прыкладзе казахскай аперацыі, калі Пуцін, які паслаў больш за ўсё войскаў, сказаў: "Місія выкананая", а ў нас ледзь не парад пераможцаў — не хапала на плошчы Леніна сцягі пераможаных тэрарыстаў кідаць пад ногі Лукашэнку, які стаіць на помніку Леніну. Таму, вядома, ён паспрабуе абысціся мінімальным удзелам. Ён і сам гэта кажа: "Мы там інфармацыйна падтрымліваем".

Чым гэта можа скончыцца для Беларусі?

— Гэта спроба [для Пуціна. — Еўрарадыё] нанесці непрымальную шкоду і схіліць Украіну да нейкага вельмі ганебнага знешнепалітычнага пагаднення. Гэта будзе доўгатэрміновы падзел, такая лінія проста вось размежавання: вось гэта цывілізаваны свет, а вось гэта — месца канфлікту, там усходнія варвары. Колькі б Лукашэнка ні расказваў там сёння, якімі донарамі стабільнасці мы былі, але ператварыліся ў "шасцёрку" агрэсара.

Калі можа пачацца канфлікт ва Украіне? Прагноз Чалага несуцяшальны:

— Нельга вельмі доўга трымаць у мабілізацыі такую колькасць людзей. Гэта і дорага, і як бы баявы дух губляецца. Вось-вось пад'едзе зараз цяжкая тэхніка С-400, каб кантраляваць паветраную прастору, і ўсё — у прынцыпе, ты гатовы. Гучыць, вядома, дзіка ў дваццаць першым стагоддзі такое, але Сі Цзіньпін папрасіў не пачынаць у часе Алімпіяды, каб не азмрочваць. Значыць, альбо да, альбо пасля. Мне чамусьці здаецца, што нават бліжэй, чым пазней. Але мы гаворым пра імавернасці.

Сітуацыя, на думку Чалага, нагадвае пачатак Першай сусветнай вайны, калі ніхто не хоча, але ўсе гатовыя. Ці нават перыяд да Другой сусветнай:

— Знакамітая карыкатура з трыццатых гадоў, якая цяпер вандруе па інтэрнэце: "Што робяць вашы войскі на мяжы?" — "Яны тут на выпадак правакацыі на мяжы". — "А калі не будзе правакацый?" — "Як гэта не будзе, калі нашы войскі тут?"

Тая самая карыкатура

Ці можа Лукашэнка зладзіць гэтую самую правакацыю?

— Я не вельмі разумею, як ён можа гэта зрабіць. То-бок ён павінен пераапрануць нашы войскі ва ўкраінскія і напасці на рускіх? Рускім вельмі важна паказаць сябе тымі, хто адказвае: прыкладна так, як у Грузіі. Таму найбольш імаверны сцэнар — гэта сітуацыя, калі, напрыклад, украінскія войскі нападаюць на сепаратыстаў і рускім трэба адказаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі