Перамовы па пастаўках расійскай нафты працягнуцца на наступным тыдні

26/04/2019 - 19:42

Перамовы па пастаўках расійскай нафты працягнуцца на наступным тыдні. Пра гэта паведаміў старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў. Паводле яго слоў, перамовы прызначаныя на 29-30 красавіка і яны будуць больш прадстаўнічыя. Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў расійскіх нафтавых кампаній, інфармуе БЕЛТА.

26 красавіка ў Мінску абмеркавалі праблему з пастаўкамі неякаснай расійскай нафты. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны. Раней Беларусь заявіла, што панесла каля 100 мільёнаў долараў страт (Мінск быў вымушаны прыпыніць экспарт светлых нафтапрадуктаў). У пятніцу тэма кампенсацыі не ўздымалася.

Мінэнерга Расіі мяркуе, што "чыстая" нафта паступіць на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод у пачатку траўня. Пакуль жа абмяркоўваецца варыянт паставак нафты па чыгунцы. Што да Полацкага нафтаперапрацоўчага завода, дык ён атрымлівае якасную нафту па нафтаправодзе Сургут — Полацк. "Белнафтахім" чакае, што сітуацыя нармалізуецца ў траўні.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі