Пяцярым фігурантам “справы Чыжа” выставілі абвінавачанне

23/03/2016 - 07:54

Камітэт дзяржаўнай бяспекі выставіў абвінавачанне фігурантам гэтак званай “справы Чыжа”. Яшчэ пяцярых затрыманых абвінавачваюць паводле ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад уплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Такі самы артыкул выставілі і асноўнаму фігуранту. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу КДБ.

Уладальнік групы кампаніяў “Трайпл” Юрый Чыж быў затрыманы ўвечары 11 сакавіка. З яго офісу ў той жа дзень забралі дакументацыю. Разам з Чыжом затрымалі яшчэ шэраг асобаў, імёны якіх афіцыйна не агучваюцца. Усе фігуранты справы знаходзяцца з СІЗА КДБ.

Юрый Чыж — адзін з самых вядомых беларускіх бізнесменаў. Ён быў у "чорным спісе" ЕС як чалавек, які аказваў фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз кампанію "Трайпл". Апроч бізнесу, займаўся таксама падтрымкай спорту, у прыватнасці, займаў пасаду старшыні назіральнага савета футбольнага клуба “Дынама-Мінск”. На дадзены момант кампанія “Трайпл” згарнула свае інвестыцыйныя праекты ў галіне спорту.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі