Паўднёвая Карэя пашырыць спіс экспартнага кантролю ў дачыненні да Беларусі

28/06/2024 - 07:07

У "чорным спісе" будзе 1402 наймення тавараў / pixabay.com

Паўднёвая Карэя пашырыць спіс экспартнага кантролю ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Чакаецца, што змены пачнуць дзейнічаць да канца жніўня, паведамляе en.yna.co.kr.

Па звестках выдання, Міністэрства прамысловасці Паўднёвай Карэі збіраецца дадаць яшчэ 243 найменні ў спіс тавараў, экспарт якіх у РБ і РФ рэгулюецца. У новы пералік прадукцыі ўваходзяць металарэзнае абсталяванне, дэталі аптычных прыбораў і датчыкі. Мяркуецца, што яны патэнцыйна могуць быць выкарыстаныя ў вайсковых мэтах.

Такім чынам, колькасць згаданых тавараў павялічваецца да 1402. Паўднёвая Карэя зрабіла больш жорсткім кантроль за пастаўкамі такіх тавараў пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе (летась санкцыі пашыраліся). Цяпер жа на пашырэнне экспартнага кантролю Сеул падштурхнула нядаўняе падпісанне Масквой і Пхеньянам "усёабдымнай стратэгічнай дамовы".

Адзначаецца, што ўрад можа разгледзіць кожны канкрэтны выпадак і даць дазвол на пастаўку, асабліва ў дачыненні да камерцыйных здзелак, заключаных да аб'яўлення новых санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі