Пастанову аб "замарозцы" цэн на сацыяльна значныя тавары могуць адмяніць

23/04/2021 - 10:41

Пастанову ўрада "Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці" могуць адмяніць, піша Onliner.by са спасылкай на намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Андрэя Картуна.

Нагадаем, згодна з дакументам, цэны на пэўныя прадукты, прамтавары і лекі з сакавіка ў Беларусі нельга павышаць больш чым на 0,2% у месяц. 

Па словах прадстаўніка МАРГ, гэтае рашэнне мела эфект — дапамагло знізіць цэны на сацыяльна значныя тавары ў сакавіку на 0,1%. Цяпер у Міністэрстве абмяркоўваюць неабходнасць яго адмены і думаюць, як перайсці на больш ліберальныя інструменты.

"Канкрэтную дату не скажу. Літаральна некалькі дзён таму адбылася камісія па цэнаўтварэнні. Там абмяркоўвалі гэтае пытанне. У найбліжэйшы час мы агучым канкрэтную дату, калі будзе адмененая гэтая пастанова", — заявіў Андрэй Картун.

Паводле яго слоў, трэба знайсці "больш кампрамісныя механізмы і для бізнесу, і для людзей". На пытанне, як адрэагуюць цэны на адмену пастановы, намеснік міністра МАРГ сказаў, што рызыка падаражэння тавараў ёсць, але "па нашых ацэнках, істотнага росту быць не павінна. З пункту гледжання вытворцаў, росту быць не павінна", падкрэсліў ён.

Пры гэтым МАРГ настроены "пільна сачыць за гандлем, каб не было нейкіх злоўжыванняў".

Згодна з пастановай, прынятай два месяцы таму, "замарожанымі" аказаліся цэны на 62 пазіцыі. Большасць з іх (57) — гэта прадукты харчавання, пачынаючы ад хлеба, круп і солі і заканчваючы мясам, рыбай і гароднінай. Акрамя таго, рэзка даражэць не могуць запалкі, мыла, туалетная папера і сурвэткі, а таксама падгузнікі і гігіенічныя пакеты. Пастанова рэгулюе таксама цэны на шэраг лекаў беларускай вытворчасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі