Пасля здарэння ў парку Чалюскінцаў улады прыпынілі працу шэрагу атракцыёнаў

08/07/2024 - 12:33

Атракцыён "Каліпса" таксама закрыюць на праверку / minsknews.by

Мінскія ўлады прынялі рашэнне закрыць на час шэраг атракцыёнаў у мінскіх парках і зладзіць дадатковую праверку. Рашэнне звязанае з надзвычайным здарэннем, якое адбылося ў парку Чалюскінцаў 6 чэрвеня. Пра гэта піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на галоўнага інжынера "Мінскзелянбуда" Руслана Касевіча. Найбліжэйшы тыдзень не будуць працаваць атракцыёны "Катальная гара", "Каліпса", "Міні-джэт", "Сабачкі" (у парку Горкага). "Дадатковую праверку таксама пройдуць усе механізаваныя атракцыёны, якія адпрацавалі прызначаны тэрмін (старэйшыя за 10 гадоў)", — адзначыў Касевіч.

Нагадаем, што ў суботу падчас катання зламаўся атракцыён "Лебедзі". Кабінкі з людзьмі ўпалі на зямлю. Паводле Касевіча, па медыцынскую дапамогу звярнуліся трое чалавек. У аднаго дзіцяці дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, у дваіх — дзіцяці і маці — удары сярэдняй ступені цяжкасці. "Лебедзі" на час тэхнічнага расследавання таксама закрылі. Мяркуецца, што расследаванне прадоўжыцца 15 рабочых дзён. Нагадаем, раней намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун казаў, што ўсе атракцыёны пасля сезоннага захоўвання праходзяць абавязковую праверку Дзяржпрамнаглядам. "Лебедзяў" таксама правяралі. Дазвол на эксплуатацыю атракцыён атрымаў 25 красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі