Пасля заяваў Лукашэнкі Следчы камітэт дадаткова праверыць "справу Серады"

26/08/2019 - 18:29

Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу па скарзе доктара Дзмітрыя Серады. Але праз два дні перадумаў і прызначыў дадатковую праверку, піша праваабарончы сайт "Вясна".
 
Пра гэта мінчук даведаўся з ліста ад СК, які ён атрымаў 21 жніўня. Старшы следчы М.Кіслы паведаміў доктару, што 19 жніўня СК чарговы раз адмовіўся пачынаць крымінальную справу на супрацоўнікаў міліцыі, якія ўварваліся ў яго кватэру. А далей у гэтым жа лісце дадаецца, што 21 жніўня гэтая пастанова адмененая для дадатковай праверкі. 

Не выключана, што прычынай стала нарада Аляксандра Лукашэнкі з сілавікамі, якая адбылася 20 жніўня. Кіраўнік дзяржавы заяўляў, што міліцыянты фальсіфікуюць справы. Акрамя таго, ён абурыўся празмерным ужываннем сілы пры затрыманні. 

"Справа Серады" цягнецца з 4 жніўня 2016 года. Тады кватэру доктара-педыятра штурмам узяў АМАП, выбіўшы ўваходныя дзверы і дзверы на гаўбцы. На вачах у жонкі і дзяцей мужчыну паклалі тварам на падлогу, заламалі рукі за спіну, начапілі кайданкі і, працягваючы збіваць, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Яго падазравалі ў эксгібіцыянізме. Толькі на наступны дзень Сераду вызвалілі, бо выявілася, што ён у дзень здарэння быў далёка ад Мінска. 

Пасля гэтага Серада стаў змагацца за аднаўленне справядлівасці. За тры гады ён сем разоў безвынікова спрабаваў пачаць крымінальную справу на АМАПаўцаў, якія пры яго затрыманні відавочна перавысілі паўнамоцтвы. Толькі 23 ліпеня 2019 года суд Партызанскага раёна вырашыў адправіць матэрыялы справы на дадатковую праверку.

Дарэчы, матэрыяльнай кампенсацыі за выбітыя дзверы і шыбы мінчук таксама не атрымаў. 

Адказ са Следчага камітэта / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі