"Пасівеў і моцна пастарэў": былы зняволены пра Віктара Бабарыку

04/05/2024 - 11:11

Віктар Бабарыка / Канаплёў+Лейдзік

Экс-банкір і галоўны супернік Лукашэнкі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка моцна схуднеў і пастарэў. Пра гэта выданню "Люстэрка" распавёў былы палітвязень Аляксей, які адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі.

Па яго словах, ён бачыў Бабарыку некалькі разоў здалёк — палітыка звычайна адпраўлялі ў санчастку позна ўвечары, пасля праверкі.

"Ён сур'ёзна схуднеў. Я бачыў яго ў 2020-м, і розніца вельмі прыкметная, важыць, напэўна, кілаграм 80, а то і менш. Хлопцы кажуць, што ён пасівеў, вельмі моцна пастарэў, выглядае нядобра. Калі Дмітрыч год таму трапіў у бальніцу, хадзілі чуткі, што былі зламаныя рэбры і адно з іх прабіла лёгкае. Нібыта ўдарыўся, калі ўпаў. Але мне ў гэта верыцца слаба. Так, калі зваліцца з другога паверха, можна, мусіць, зламаць рэбры, але гэта ж як трэба страціць канцэнтрацыю", — кажа Аляксей, які трапіў за краты па "справе Зэльцара".

Акрамя Віктара Бабарыкі з медыйных персон у ПК-1 знаходзяцца журналісты Ігар Лосік і Анджэй Пачобут, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Лосік, кажа Аляксей, увесь час адбывае пакаранне ў ШІЗА. Зняволеныя называюць яго моцным чалавекам.

"Ён малайчына, што трымаецца, таму што ШІЗА вымотвае, — расказвае суразмоўца "Зеркала". — Яшчэ я пасябраваў з Андрэем Аляксандравым. А на прамзоне перасякаўся з Андрэем Пачобутам, ён стаічна да ўсяго ставіцца. Трымаўся, усё разумеў. Да яго і яшчэ аднаго грамадзяніна Польшчы, які там утрымліваецца, прыязджаў консул, але наўпрост казаў, што нічога зрабіць яны не могуць".

Пра Віктара Бабарыка і Ігара Лосіка практычна нічога не вядома больш за год. Родным не даюць інфармацыю пра іх стан здароўя, зняволеныя пазбаўлены перапіскі і зносін з іншымі сядзельцамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі