Кампутарныя сістэмы брытанскага парламента падпалі пад хакерскую атаку. Мэтай зламыснікаў была электронная пошта парламентарыяў і супрацоўнікаў заканадаўчага органу. Найперш хакераў цікавілі акаунты, на якіх стаялі занадта простыя паролі.
Як паведамляе ВВС, атака хутчэй за ўсё была лакальнай, аднак поўнай упэўненасці ў гэтым няма. Расследаванне інцыдэнту ідзе пры ўдзеле спецыялістаў Нацыянальнага цэнтру кібербяспекі.
Дыстанцыйны доступ да акаунтаў у парламенцкай сетцы часова зачынены. Некаторыя парламентарыі пацвердзілі, што пакуль не могуць увайсці ў свае паштовыя скрыні.
У пачатку траўня пад масіраваную кібератаку трапілі кампутарныя сістэмы лякарняў па ўсёй Вялікабрытаніі. Тады міністэрства аховы здароўя краіны заявіла, што яны сталі ахвярамі “праграм-вымагальнікаў”.
Раней на гэтым тыдні газета Times пісала, што паролі ад акаунтаў брытанскіх парламентарыяў і іншых высокіх чыноўнікаў прадаваліся ў сеціве расійскімі хакерамі.