Іна Кардаш / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Украіна вядзе перамовы з Расіяй пра вызваленне з палону 28 украінскіх журналістаў. Пра гэта паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.
"Так, мы вядзем перамовы. Па розных катэгорыях закладнікаў, у тым ліку асобны спіс журналістаў і прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці ў нас у працы", — перадае ягоныя словы Радыё Свабода.
Кіраўнік Аб’яднанага цэнтру Службы бяспекі Украіны Андрэй Пастэрнак на пытанне пра магчымасць абмену беларускі Іны Кардаш, абвінавачанай у шпіянажы, заявіў, што гэтая інфармацыя "абмежаваная для распаўсюду".
"Мы маем атрымаць вынік, вярнуць кожнага. Наконт прапаноў беларускаму ці расійскаму боку. Калі мы будзем каментаваць кожны свой крок, то навошта тады весці перамовы? Будзем тады пісаць ва ўсіх медыя, часопісах і будзем кантактаваць менавіта праз СМІ?" — пракаментаваў ён.
У сваю чаргу Лубінец дадаў, што Украіна спрабуе вызваліць з расійскага палону іншаземных грамадзян — як цывільных, так і вайскоўцаў. Паводле яго, такія выпадкі ўжо былі.
Беларускую журналістку Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня. Яе вінавацяць у шпіянажы на карысць Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. На момант затрымання беларуска працавала ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут