Паліттэхнолагу Віталю Шкляраву працягнулі тэрмін арышту на два месяцы

29/09/2020 - 09:20

Паліттэхнолагу Віталю Шкляраву працягнулі тэрмін арышту на два месяцы. Пра гэта interfax.by паведаміў яго адвакат Антон Гашынскі. Паводле слоў Гашынскага, такое рашэнне абгрунтавалі тым, што Шкляраў можа збегчы з Беларусі.

Віталь Шкляраў нарадзіўся ў Гомелі, яму 44 гады. Ён паспеў папрацаваць у якасці паліттэхнолага на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША і Расіі. Пра затрыманне Шклярава стала вядома 29 ліпеня. У жніўні яму выставілі абвінавачанне ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ён прызнаны палітвязнем.

Шкляраў мае і амерыканскае грамадзянства. Яго лёсам заклапочаны ўлады ЗША, якія заклікалі яго неадкладна вызваліць.

Гашынскі кажа, што ў мінскім СІЗА Шкляраў мог перахварэць на каранавірус, нядаўна тэст паказаў наяўнасць у яго антыцелаў. Раней палітвязень скардзіўся на высокую тэмпературу і недамаганне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі