Палата лордаў Вялікабрытаніі не зацвердзіла законапраект аб "брэкзіце"

02/03/2017 - 03:54

Палата лордаў брытанскага парламента не зацвердзіла законапраект аб "брэкзіце", хаця палата абшчынаў раней падтрымала яго. 

Падчас абмеркавання закону 358 чальцоў палаты лордаў прагаласавалі за тое, каб дадаць у дакумент пункт, які дазваляе грамадзянам Еўрасаюза жыць і працаваць у Брытаніі пасля яе выхаду з ЕС, перадае Бі-Бі-Сі. Супраць прагаласвалі 256 чальцоў палаты. Ініцыятыва была прынятая большасцю галасоў, а гэта азначае, што законапраект зноў адправіцца на разгляд у палату абшчын. Зрэшты, ніжняя палата брытанскага парламента можа адмовіцца ўносіць у закон гэтыя папраўкі.

Прэм'ер Брытаніі Тэрэза Мэй заклікала лордаў прыняць дакумент без паправак. Пакуль закон не прыняты, Вялікабрытанія не можа прывесці ў дзеянне рашэнне аб выхадзе краіны з ЕС, прынятае на рэферэндуме. Рашэнне палаты лордаў адкладае прыняцце закона як мінімум на два тыдні. Раней Тэрэза Мэй абяцала запусціць працэс выхаду з Еўрасаюза да канца сакавіка.

Законапраект быў унесены ў парламент пасля рашэння брытанскага Вярхоўнага суда, які пастанавіў, што ўраду трэба згода заканадаўцаў для фармальнага запуску перамоваў з Бруселем аб выхадзе з ЕС.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі