— Ідзе да таго, што ў “Мінск-Свеце” размесцяць элітны квартал з таўнхаусамі і зробяць прыстойную зону адпачынку. А з нашага боку, дзе жыве 20 тысяч чалавек, па адзінай зялёнай зоне пракладуць чатырохпалосную магістраль, — абураецца экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч. Адзін з адрэзкаў трэцяга кальца, якое збіраюцца пабудаваць у Мінску, чыноўнікі плануюць перанесці ў Курасоўшчыну, дзе яна жыве, — літаральна пад вокны жылых дамоў.
Сёння трэцяе кальцо існуе ў выглядзе асобных нязлучаных участкаў. Збольшага — на паўднёвым захадзе і поўдні Мінска. Найбольш працяглы ўчастак — 9 км — на ўсходзе сталіцы. Гэта вуліцы Кабушкіна, Радыяльная і Філімонава. У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама (КАіГ) Еўрарадыё пацвердзілі, што фрагмент трэцяга кальца ў Лошыцы сапраўды плануюць перанесці на 150-200 метраў на поўдзень.
Жыхары Курасоўшчыны абураныя такім развіццём падзей.
— За 30 гадоў жыцця ў Курасоўшчыне мы прывыклі, што ў нас ёсць рэкрэацыйная зона ракі Лошыцы, якая спрыяе экалогіі і дае жыхарам адпачынак, магчымасць адчуць сябе на прыродзе. Нас з усіх бакоў атачаюць заводы: “Керамін”, “Крэон”, цагельны завод. Яны выдзяляюць багата шкодных рэчываў. Нават Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла: у Курасоўшчыне ўзровень захваральнасці жыхароў у пяць разоў вышэйшы за іншыя раёны Мінска, — расказвае Еўрарадыё жыхар Курасоўшчыны Віктар Салаўёў.
Першапачаткова адрэзак трэцяга кальца, пра які ідзе гаворка, быў запраектаваны па паўночным беразе ракі Лошыцы — з боку былога аэрапорта. Аднак планы змяніліся: праекціроўшчыкі пераносяць дарогу на іншы бераг, у мікрараён Курасоўшчына.
— Там векавыя дрэвы, зімародак з Чырвонай кнігі. Там жа і стадыён, дзе займаюцца дзеці, — працягвае Таццяна Караткевіч. — У самым шырокім месцы адлегласць ад ракі да жылых дамоў — 190 метраў. Дарога зойме 60 метраў, плюс ходнікі і адкосы.
Палітык звяртае ўвагу на нескаардынаванасць дзеянняў розных ведамстваў паміж сабой.
— Проста цяпер там высаджваюць дрэвы. У свой час я прасіла, каб на стадыёне ўсталявалі пляцоўку для варкаўту. Гэта зрабілі за бюджэтныя сродкі. Каб цяпер знесці?
Пасля Другой сусветнай вайны Мінск быў перабудаваны так, што вялікія вуліцы прамянямі разыходзяцца з цэнтра да ўскрайкаў горада. Асновай новай вулічнай сістэмы сталі два “дыяметры”, аб’яднаныя кальцавымі магістралямі. Гэта называецца радыяльна-кальцавая планіроўка.
“Дыяметры”, пра якія ідзе гаворка, гэта сучасныя праспект Незалежнасці — праспект Дзяржынскага і Партызанскі праспект — вуліца Прытыцкага. Але часам такая сістэма стварае праблемы для жыхароў суседніх мікрараёнаў. Напрыклад, каб даехаць з Лошыцы ў Курасоўшчыну, трэба або вяртацца ў цэнтр на другое кальцо, або, наадварот, кіравацца да ўскраіны горада — на МКАД.
Зручнаму і хуткаму руху пешаходаў, раварыстаў, транспарту і асабістых аўто замінаюць натуральныя і штучныя перашкоды: рэчкі і чыгунка. Трэцяе транспартнае кальцо закліканае вырашыць гэтую праблему і злучыць суседнія раёны Мінска.
Але гэта не мусіць адбывацца шляхам пагаршэння ўмоваў жыцця ў тым ці іншым раёне. Напрыклад, у Курасоўшчыне, жыхары якой цяпер вядуць перапіску з чыноўнікамі.
Праз рэльеф жылыя дамы пад пагрозай разбурэння.
— Спярша ў Мінгарвыканкаме нам адказалі так: дарогу там будаваць не будудуць, замест яе з’явіцца экасцяжына, а стадыён застанецца на сваім месцы. Але неўзабаве рыторыка змянілася: стадыён перанясуць на тэрыторыю паміж дзіцячым садам і домам. Аднак там замала месца для стадыёна! — расказвае Віктар Салаўёў.
На думку жыхароў, каб будаваць трэцяе кальцо праз Лошыцу і пры гэтым вытрымаць нарматыўную адлегласць ад садка і школы, трэба пераносіць рэчышча ракі. Але ці пойдуць улады на такія расходы?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.