Лепей не нарывацца / pixabay.com
За ўдзел у наркабізнесе ў Беларусі непаўналетні можа атрымаць ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў надыходзіць ужо з 14 гадоў. Пра гэта распавяла намесніца старшыні суда Ленінскага раёна Мінска Марына Запаснік. Паводле яе слоў, падлеткі нярэдка ідуць у закладчыкі дзеля хуткага заробку, прычым гэта не абавязкова дзеці з "праблемных сем’яў".
Нават адна-дзве закладкі не азначаюць, што пакаранне будзе мяккім. Калі падлетак дзейнічаў у складзе арганізаванай групы, закон прадугледжвае толькі пазбаўленне волі — ад 8 да 12 гадоў. Супрацоўніцтва са следствам можа паўплываць на тэрмін, але не гарантуе яго значнага скарачэння. У асобных выпадках суд можа ўлічыць ролю непаўналетняга, яго паводзіны і іншыя абставіны.
Суддзя адзначае, што многія абвінавачаныя ўсведамляюць наступствы ўжо пасля затрымання, але тады змяніць сітуацыю ўжо складана.
Падлеткі, якія разлічвалі на лёгкія грошы, могуць на доўгія гады апынуцца ў калоніі. Пасля такога тэрміну вярнуцца да звычайнага жыцця бывае вельмі цяжка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут