Пад Бабруйскам знайшлі целы чатырох мужчын, сярод іх — сілавікі

29/06/2020 - 16:31

Трагедыя здарылася ў Бабруйскім раёне. 29 чэрвеня каля 12-й гадзіны ў вадаёме недалёка ад горада знайшлі перакулены аўтамабіль Nissan. У ім былі целы чатырох мужчын. Усе загінулыя — жыхары Бабруйска, ім было 52, 41, 38 і 34 гады. Прэс-служба МУС адзначае ў Telegram, што сярод іх — супрацоўнік міліцыі з Бабруйска і супрацоўнік Акадэміі МУС. Падкрэсліваецца, што яны "знаходзіліся па-за службай".

На месцы працуюць следчыя, эксперты і ратавальнікі. Высвятляюцца прычыны трагічнага здарэння.

Прэс-служба СК дадае, што перакуленую машыну заўважылі работнікі аграсядзібы. Вядома, што кампанія мужчын 28 чэрвеня вудзіла рыбу на беразе вадаёма каля вёскі Спорнае. Мяркуецца, што калі яны ад'язджалі, вадзіцель не саўладаў з кіраваннем, і аўтамабіль апынуўся ў вадзе.

Працу следча-аператыўнай групы каардынуе Сяргей Аземша, намеснік старшыні СК. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Парушэнне правіл дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб" (ч. 3 арт. 317 КК).

Месца здарэння / @pressmvd

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі