Астралагічны трэнд прыйшоў у Беларусь праз расійскія выданні / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Мы прывыклі бачыць у сацсетках жарты пра рэтраградны Меркурый — астранамічную з'яву, якая нібыта ўплывае на лёсы. Пакінуўшы ў баку сумнеўнасць астралогіі, пасля пачатку чарговага такога перыяду Еўрарадыё задумалася: а калі ўвогуле беларусы зацікавіліся гэтай з'явай? І чаму людзі вераць у такую антынавуковую лухту? Адказы аказаліся простымі — і вельмі цікавымі.
Калі глядзець аналітыку пошукавых запытаў у гугле па запыце "рэтраградны Меркурый" за апошнія 7 гадоў, першы ўсплёск цікавасці беларусаў да гэтай тэмы здарыўся вясной 2019, а ўжо да восені гугліць яе пачалі ў разы часцей.
Амаль ідэнтычныя графікі па колькасці пошукавых запытаў ад жыхароў Расіі і Казахстана.
Тады ж пачала расці і колькасць пошукавых запытаў звязаных з... "Яндекс.Дзен" — платформай расійскага пошукавіка, якая збірала матэрыялы СМІ і блогаў і давала розным сайтам, у тым ліку і беларускім медыя, шмат "лёгкага" трафіку.
Якая тут сувязь? Рэч у тым, што найбольшае CTR (суадносіны колькасці клікаў да паказаў) у "Дзене" было ў свецкіх навін, псіхалогіі і тэмаў, звязаных з прадказаннямі, — астралогіі, нумаралогіі, таро і да таго падобнага. Прасцей кажучы, каб атрымаць шмат наведвальнікаў на сайт, выдаткаваўшы мінімум часу на напісанне тэксту, трэба было ствараць матэрыялы менавіта на гэтую тэму.
Першымі тэму пачалі "акучваць" розныя блогі, якія і так часта пісалі пра прадказанні і астралогію — такія тэмы заўсёды былі папулярныя. У больш шырокі ўжытак "рэтраградны Меркурый" увайшоў пасля публікацыі той жа вясной 2019-га кнігі "Як перажыць рэтраградны Меркурый, а таксама Венеру і Марс" амерыканскага аўтара Берні Эшмена.
Ёсць і фактар эўрыстыкі даступнасці — кагнітыўнага скажэння (памылкі мыслення), калі чалавек лічыць больш імавернымі тыя падзеі, якія першымі прыходзяць у галаву. Напрыклад, страх перад палётамі на самалёце часта ўзнікае праз тое, што першай асацыяцыяй можа быць крушэнне 11 верасня 2001 года, і нават калі чалавек ведае статыстыку аб мінімальных рызыках катастрофы, яна не "ўсплывае" ў галаве першай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут