За апошнія суткі па-за межамі Кітая на новы каранавірус захварэлі 2103 чалавекі. Такую лічбу называе Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).
Заражэнне каранавірусам зарэгістраванае ўжо ў 77 краінах. За апошнія суткі захворванне выявілі ў Польшчы, Аргенціне, Чылі ды Украіне.
У Кітаі агульная колькасць заражэнняў ад пачатку эпідэміі склала 80 409 выпадкаў. Аднак 52 045 чалавек паправіліся і былі выпісаныя з лякарняў (за апошнія суткі — 2189). Ахвярамі каранавіруса ў Кітаі сталі 3012 пацыентаў.
Па-за Кітаем каранавірус выяўлены ў 12 668 чалавек. Ад яго наступстваў памёрлі 214 чалавек, у тым ліку 48 — за апошнія суткі.
У Беларусі медыкі выявілі шэсць выпадкаў захворвання на каранавірус: чатыры — у Мінску, два — у Віцебскай вобласці. Пад назіраннем медыкаў знаходзіцца 14,5 тысячы чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.