Па візах для айцішнікаў у Польшчу ехалі расійскія і беларускія агенты — Туск

17/06/2024 - 06:15

Дональд Туск / Robert Kowalewski / Agencja Wyborcza.pl

Па візах для расійскіх і беларускіх айцішнікаў у Польшчу прыязджалі агенты разведкі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, крытыкуючы візавую праграму Poland. Business Harbour, уведзеную ў 2020 годзе.

"Яны [папярэдні ўрад] увозілі сотні тысяч мігрантаў з Азіі і Афрыкі (адначасова зарабляючы на візах), а таксама расійскіх і беларускіх "айцішнікаў", дапамагаючы будаваць замежную агентуру", — напісаў Туск 16 чэрвеня ў сацсетцы Х.

Выдача віз па праграме Poland. Business Harbour была спыненая напрыканцы студзеня 2024 года ў сувязі з візавым скандалам у Польшчы. Вядома, што да верасня 2023-га Польшча выдала па гэтай праграме больш за 90 тысяч віз, пераважна грамадзянам Беларусі. Расіяне за 2022-2023 гады атрымалі па гэтай праграме больш за 1700 віз, што выклікала крытыку з боку шэрагу польскіх палітыкаў.

У траўні польскі ўрад аднавіў дзейнасць камісіі, якая мусіць займацца расследаваннем уплыву расійскай і беларускай спецслужбаў на польскую палітыку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі