"Па 500" абяцалі больш за 20 гадоў. А тысячы долараў так і не дачакаліся

07/11/2026 - 13:31

Грошы / Euroradio

Улады Беларусі больш за два дзесяцігоддзі абяцалі грамадзянам усё вышэйшыя заробкі. У 2000 годзе Аляксандр Лукашэнка казаў пра 100 долараў, у 2001-м — ужо пра 250, а ў 2004-м заявіў, што "кроў з носа" краіна выйдзе на сярэдні заробак у 500 долараў. Пазней з'явіліся арыенціры ў 750 і нават 1000 долараў. Цяпер жа рыторыка змянілася: Лукашэнка заяўляе, што абяцаныя 500 ужо ёсць, а далей беларусы павінны зарабляць самі.

Як паказвае аналітыка ІА "Позірк", абяцанні нярэдка значна апярэджвалі рэальнасць. У 2004 годзе пры сярэднім заробку каля 162 долараў улады абяцалі 500, а затым і 750. Першай адзнакі сярэднегадавы заробак дасягнуў толькі ў 2013-м — праз дзевяць гадоў пасля гучнай заявы. А абяцаныя да 2010 года 750 долараў удалося перасягнуць толькі ў 2025-м, са спазненнем на 15 гадоў. Тысяча долараў, якую абяцалі да 2015 года, паводле сярэднегадавога паказчыка не была дасягнутая нават да канца 2025-га.

Ёсць і яшчэ адзін нюанс: самі "па 500" з часам сталі каштаваць значна менш. З-за інфляцыі ў ЗША 500 долараў узору 2005 года да восені 2026-га адпавядаюць прыкладна 863 доларам. Інакш кажучы, знакамітая зарплатная планка страціла каля 42% пакупніцкай здольнасці. Пры гэтым Беларусь па-ранейшаму прыкметна адстае ад суседзяў: у другім квартале 2026 года сярэдні заробак на рукі складаў каля 922 долараў супраць 1855 у Літве і 1813 у Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі