Нягледзячы на вулічныя пратэсты, парламент Арменіі выбраў прэм’ерам Саргсяна

17/04/2018 - 14:28

Нягледзячы на вулічныя пратэсты, 17 красавіка парламент Арменіі выбраў прэм’ер-міністрам Сержа Саргсяна. За кандыдатуру экс-прэзідэнта прагаласавалі 77 дэпутатаў Нацыянальнага сходу, супраць былі толькі 17, інфармуе сайт jam-news.net. У сваім выступе Саргсян сказаў, што не баіцца адказнасці, паабяцаў вырашыць дэмаграфічную праблему, працаваць для бяспекі краіны, умацоўваць войска, паспрабаваць урэгуляваць карабахскі канфлікт.

У Арменіі пасада прэм’ера становіцца вельмі ўплывовай, паколькі пасля зменаў у Канстытуцыі рэальную ўладу маюць парламент і ўрад, а не прэзідэнт (Армен Саркісян заняў пасаду 9 красавіка). Кандыдатуру Сержа Саргсяна на пасаду прэм’ера падтрымалі кааліцыйныя сілы — Рэспубліканская партыя Арменіі і “Дашнакцуцюн”, якія маюць большасць у парламенце.

Вулічныя акцыі пратэсту ў Ерэване працягваюцца тры дні. Тысячы дэманстрантаў спрабуюць блакаваць дзяржаўныя ўстановы. Лідары пратэстаў заяўляюць пра “рэвалюцыйную сітуацыю”. Паліцыя ўжо затрымала каля 80 чалавек.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі