"Не на 100 адсоткаў у форме": Сабаленка можа зняцца з Уімблдона

30/06/2024 - 09:10

Арына Сабаленка падчас апошняга матчу ў Берліне / WTA

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не ўпэўнена, што возьме ўдзел ва Уімблдоне. Прычына — траўма пляча, якая дае пра сябе знаць менавіта падчас падачы.

"Гэта вялікая круглая мышца, патлумачыла спартсменка. — Гэта сапраўды спецыфічная траўма, і яна сапраўды рэдкая. Напэўна, я ўсяго толькі другі ці трэці тэнісіст, які пашкодзіў гэтую мышцу. Гэта вельмі непрыемна. 

Самая раздражняльная рэч у тым, што я магу рабіць што заўгодна. Я магу трэніравацца. Але ў мяне праблемы з падачай. Калі вы дасце мне гіры, я пайду падымаць гіры. Але калі вы скажаце мне падаваць, я буду адчуваць боль".

Па словах тэнісісткі, разам з камандай яна робіць усё магчымае, каб выйсці на корт ужо ў панядзелак, але яна "не на 100 адсоткаў у форме".

На мінулым тыдні ў Берліне Сабаленка ўпершыню ў кар'еры не дайграла матч. Праз праблемы з плячом яна ўзяла медыцынскі перапынак.

У першым крузе Уімблдона суперніцай беларуска стане амерыканка Эміна Бектас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі