Naviband: Проста ўпершыню так па-шчыраму ўсё атрымалася

21/01/2017 - 01:03

" У мяне ўсё ўнутры так крычыць! Гэта такое шчасце! Проста ўпершыню насамрэч так па-шчыраму ўсё атрымалася... Я не адправіла ніводнай смс-кі ні за сябе, ні за каго. І ўвогуле, мы настолькі шчыра гэта зрабілі. Я вельмі шчаслівая, праўда, дзякуй", ― не хавае эмоцыяў Ксенія Жук, удзельніца Naviband пасля таго, як гурт аб'явілі афіцыйным прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні-2017".

Праўда, пасля глядацкага галасавання паездка Naviband у Кіеў была пад вялікім пытаннем. Бо, па чутках, беларускі БРСМ заклікаў галасаваць сёлета за сваіх "сяброў і партнёраў" дуэт PROвокация. І члены саюзу выдатна справіліся з задачай: гурт апынуўся на вяршыні глядацкага галасавання. Што цікава, на пяты наступала ім спявачка Napoli, дасведчаная накрутчыца галасоў, у чым летась прызнаўся яе прадзюсар. Але шэрагі БРСМ, відаць, апынуліся больш шчыльнымі, чым шэрагі прыхільнікаў Napoli, хаця абодва прадзюсары, і Анатоль Чэпікаў, і Аляксандр Слуцкі, выглядалі перад вердыктам журы вельмі напружанымі. "Ну люблю я лічбы!" ― кіне ў апраўданне потым Чэпікаў.

 

PROвокация
Napoli ў акружэнні калег па фіналу, Июль і Анжалікі Пушновай, падчас тэлефоннага галасавання

Але журы сёлета, падаецца, было добрай феяй (нават шкада, што ў мінулым годзе было вырашана адмовіцца ад паслуг прафесіяналаў, большасць імёнаў якіх, праўда, шырокай грамадскасці не вядомыя ― вынікі маглі быць іншымі). Ніякія правакацыі не змаглі зварухнуць іх добрых намераў. У фае шапталіся, маўляў, у Дайнэкі (Валерыя з "Беларускіх песняроў" і старшыні журы) ― густ! І лухты ён не дапусціць. І ў выніку журы-фея "кульнула" сяброў БРСМ, паставіўшы ім нуль, а Naviband і Nuteki (галоўныя прэтэндэнты на перамогу, на нашу думку) вярнула на заслужаныя лідыруючыя пазіцыі. 

Nuteki

Сёлетні фінал падаваўся некалькі цьмяным з-за адсутнасці ў ім зорак беларускай эстрады. Не хапала яскравай інтрыгі кшталту грошай Дробыша ці Жанет з супер-песняй ад шведскіх аўтараў. Але канкурсанты паклапаціліся пра шоў: з'яўляліся ў клетках і ільдзінах, ладзілі на сцэне ледзьве не перфомансы. Праўда, выкананне многіх не было такім жа феерычным, як відовішча. Ды і песень, нібыта галоўнага на "Еўрабачанні", бадай, не было.

 

Июль

"Узровень фіналу мне падаўся слабаватым. Магчыма, ўплываюць навагоднія святы, магчыма, выканаўцам было мала часу на падрыхтоўку. Я чакала большага, у мяне былі свае фаварыты, але ўзровень гэтага года мяне засмуціў, ― каментуе вынікі фіналу Вольга Драздова ― вакальны трэнер удзельніка мінулагодняга дзіцячага "Еўрабачання" Руслана Асламава. ― І перамога Naviband ― вельмі правільны выбар у сітуацыі, якая склалася. У іх ёсць досвед выступу на сцэне. Магчыма, гэта не мая музыка, не мой хіт, але яны годныя прадставіць нашу краіну, за іх не будзе сорамна, гэта самабытна, яскрава, і, галоўнае, шчыра".

Мікіта Ходас
Анастасія Шавярэнка

Беларускі сегмент інтэрнэту застаўся збольшага задаволеным вынікамі фіналу. Маўляў, бывае ж справядлівасць на свеце! Цяпер дзякуючы Naviband упершыню ў гісторыі на "Еўрабачанні" прагучыць песня на беларускай мове "Гісторыя майго жыцця". 

Фіналіст расійскага "Голасу" Вадзім Капусцін не асабліва ўразіў беларускую публіку, хаця музыкі адзначылі крутасць яго песні
Так званая green-room, дзе выканаўцаў чакалі пасля выступлення вядучы Яўген Перлін і фэны
Артысты прыходзілі на фінал нацыянальнага адбору з групай падтрымкі
Адкрыў сёлетні фінал мінулагодні пераможца нацыянальнага адбору Ivan
Нязменныя вядучыя фіналу Вольга Рыжыкава і Тэа
Самая маладая фіналістка, 10-класніца Аляксандра Ткач
Улад Курасаў
Kattie
Napoli
Анжаліка Пушнова
Lermont x Julic
PROвокация
Ivan і Яўген Перлін
Пакуль ішло галасаванне, Віталь Варанко пазычыў свой баян на некалькі хвілін Тэа
Госця з Украіны Таша
Тэа прэзентуе новую песню
Вядучыя агучваюць вынікі

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі