Навагрудскі сувязны: як беларуска праз амерыканцаў дапамагла зняць Парашэнку

01/11/2019 - 13:27
Чарлз і Джарэд Кушнеры / bloomberg.com

Незадоўга да пачатку апошняй прэзідэнцкай кампаніі ва Украіне праціўнікі Пятра Парашэнкі спрабавалі з дапамогай беларусаў заручыцца падтрымкай адміністрацыі Дональда Трампа. Супрацоўнікі малавядомай арганізацыі "Цэнтр публічнай дыпламатыі" хацелі даведацца, ці падтрымлівае Белы дом зняцце Парашэнкі з пасады прэзідэнта і ці дапаможа "стабілізаваць сітуацыю ва Украіне".

Для гэтага яны выйшлі на сувязь з куратарам Музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку Тамарай Вяршыцкай. Яна асабіста знаёмая з Чарлі Кушнерам — бацькам Джарэда Кушнера, старшага дарадцы прэзідэнта ЗША. Сам Чарлі нарадзіўся ў Нью-Джэрсі, але яго бацькі — Джозэф Беркавіц і Рая Кушнер — нарадзіліся ў Наваградку, у самым цэнтры сучаснай тэрыторыі Беларусі. Яны перажылі халакост, апынуўшыся сярод тых нешматлікіх, хто выратаваўся з Навагрудскага гета. Пасля вайны, у 1949 годзе, яны эмігравалі ў ЗША.

Гэтую гісторыю, у якой украінцы спрабуюць з дапамогай беларусаў пераканаць амерыканцаў паўплываць на выбары ва Украіне, апісала амерыканская газета LARB. У артыкуле пад загалоўкам: "Родныя сыны Навагрудка: рэпартаж з беларускай радзімы Кушнераў" журналіст Лінда Кінстлер расказвае пра сям'ю Кушнераў, чыя гісторыя звязана з Беларуссю.

"Украінскі след" ледзь прыкметны на фоне ідылічнага сямейнага жыццяпісу, расказу пра жахі халакосту і пра заняпад яўрэйскай абшчыны ў Беларусі. Куратар Музея яўрэйскага супраціўлення Тамара Вяршыцкая расказвае, што ў 2017 годзе да яе прыехаў нехта Ігар Рудакоў, які прадставіўся супрацоўнікам Цэнтра публічнай дыпламатыі:

"Яна [Тамара. — Еўрарадыё] згадвае, што чалавек з новага аналітычнага цэнтра пад назвай "Цэнтр публічнай дыпламатыі" [у артыкуле Center for Public Diplomacy. — Еўрарадыё] папрасіў перадаць паведамленне Джарэду праз яго бацьку — Чарлі Кушнера, каб даведацца, ці падтрымае адміністрацыя Трампа намаганні арганізацыі па зняцці прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, шакаладнага магната, які прыйшоў да ўлады пасля рэвалюцыі Майдана 2014 года ва Украіне", — піша Лінда Кінстлер. Там жа Тамара кажа, што перадала паведамленне Чарлі Кушнеру.

Тамара Вяршыцкая пацвердзіла Еўрарадыё, што ўсё так і было, да яе сапраўды звярнуліся з просьбай перадаць паведамленне, яна просьбу выканала, але адказу з боку Кушнераў не з'явілася:

"Пытанне было пра тое, каб Амерыка дапамагла стабілізаваць сітуацыю ва Украіне. Я перадала паведамленне Чарлі Кушнеру, але яны ніяк не адказалі", — расказвае Еўрарадыё Тамара.

LARB паспрабавала сама праверыць атрыманую інфармацыю. Журналісты звязаліся з Ігарам Рудаковым і былі крыху збянтэжаныя яго адказам:

"Аналітычным цэнтрам кіруе Ігар Рудакоў, былы доктар і бізнесмен з Данецка, які не мае вопыту ў палітыцы. Калі я патэлефанавала яму праз некалькі тыдняў, ён растлумачыў па скайпе з Масквы, што па дзелавых прычынах яго аналітычны цэнтр зарэгістраваны ва Украіне, але ён палічыў бы за лепшае зарэгістраваць яго на сепаратысцкіх тэрыторыях, якія ён актыўна падтрымлівае", — піша Лінда Кінстлер.

Да гэтага куратар Музея яўрэйскага супраціўлення не ведала прадстаўнікоў Цэнтра публічнай дыпламатыі і не мела зносін з імі: "Яны самі прыехалі ў Навагрудак, пазнаёміліся з Музеем яўрэйскага супраціўлення. Яны ведалі, што Кушнер звязаны з Навагрудкам, — расказвае Еўрарадыё Тамара Рудакова. — Мы пагаварылі. І яны папрасілі мяне перадаць паведамленне. Я тады падумала, ого, гэта можа быць цікава. А раптам нешта для людзей будзе добрае з усяго гэтага".

Зараз ва Украіне ёсць афіцыйна зарэгістраваны ў Кіеве Цэнтр публічної дипломатії, аднак па дакументах ён з'явіўся ў пачатку 2019 года. Еўрарадыё звязалася з супрацоўнікамі цэнтра — пра Ігара Рудакова там нічога не чулі.

Прэзідэнцкія выбары ва Украіне прайшлі ў два туры ў пачатку 2019 года: 31 сакавіка і 21 красавіка. На той момант дзейны прэзідэнт Пётр Парашэнка прайшоў у другі тур, дзе сапернічаў з Уладзімірам Зяленскім. За Парашэнку прагаласавала ўсяго 24,4% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары, за Уладзіміра Зяленскага прагаласавала ў тры разы больш — 73,2%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі