Перад бойняй у "Еўропе" студэнт прыходзіў ва ўніверсітэт, але піла не завялася

12/10/2016 - 14:45

Раніцай 11 кастрычніка Улада К. — "хлопца з бензапілой", якога падазраюць у забойстве ў мінскім ГЦ "Еўропа" — прывозілі ва ўніверсітэт МІТСО, дзе ён вучыўся. Студэнты сфатаграфавалі, як людзі ў чорным вядуць яго па вуліцы. У руках меркаваны злачынца трымаў муляж сякеры.

Навошта хлопца прывозілі ва ўніверсітэт, калі злачынства, у якім яго падарзаюць, было здзейснена за некалькі кіламетраў ад яго?

У Следчым камітэце на пытанні Еўрарадыё не адказалі ні "так", ні "не". Маўляў, у аўторак ва ўніверсітэце МІТСО праводзілася так званая праверка паказанняў на месцы. Нас гэтыя адказы не задаволілі, таму мы вырашылі высветліць, у чым справа. Але студэнты МІТСО, з якімі мы звязаліся, нічога не ведалі пра гэтую справу.

Пасля першых допытаў следчыя распавядалі, што Улад К. першапачаткова хацеў зладзіць бойню ва ўласным універсітэце. Але чамусьці не давёў справу да канца. Рэктар МІТСО Станіслаў Князеў адкаментаваў гэта так: нават калі б у студэнта былі такія намеры, нічога б не атрымалася, бо "сістэма бяспекі тут [ва ўніверсітэце МІТСО] сур'ёзная, і наўрад ці ён прайшоў бы на тэрыторыю з такой... "гітарай" [бензапіла і сякера, якімі злачынца забіў адну і параніў яшчэ дзвюх жанчын у ГЦ "Еўропа", былі схаваныя ў чахле ад гітары]".

Тым не менш, сайт kp.by, спасылаючыся на ўласныя крыніцы, паведамляе, што за некалькі дзён да трагедыі ў "Еўропе" малады чалавек заходзіў ва ўніверсітэт з бензапілой. Але, на шчасце, яна не завялася. Як кажуць эксперты, "халодны" запуск бензапілы — гэта справа няпростая, якая патрабуе часу. Пра гэта нават здымаюць відэаінструкцыі.

Імаверна, для таго, каб праверыць, ці праўду хлопец кажа пра свой візіт ва ўніверсітэт (а не толькі пра намер наведаць яго са зброяй), яго і прывозілі ў МІТСО.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі