Напад у Дагестане: 17 загінуўшых, у тым ліку 15 паліцэйскіх

24/06/2024 - 06:30

На вуліцах Дэрбента і Махачкалы ішлі баі / ТАСС

У Дагестане (рэгіён РФ) невядомыя напярэдадні ўчынілі напад на праваслаўныя храмы, сінагогі і пост ДПС. На вуліцах двух гарадоў Дэрбэнта і Махачкалы да позняга вечара ішлі баі, піша ВВС. Вядома аб 17 загінуўшых. 15 з іх —  гэта супрацоўнікі паліцыі. Сярод загінулых таксама "айцец Мікалай, святар, які больш за 40 гадоў служыў у праваслаўным храме ў Дэрбэнце", распавёў кіраўнік рэгіёну Сяргей Мелікаў. Забіты і 6 з тых, хто нападаў.

Пры гэтым дакладная колькасць нападнікаў па-ранейшаму, невядома. Затое вядома, што ў нападзе на Махачкалу ўдзельнічалі сыны кіраўніка Сергакалінскага раёна Дагестана Магамеда АмараваАсман і Адзіль Амаравы. Магамед Амараў затрыманы, піша рэсурс "Кантэкст" са спасылкай на праваахоўныя органы. Яго дапытваюць, дома ў Амарава прайшлі ператрусы. У тэлеграм-каналах з'явілася відэа, як сцвярджаецца, з тэлефона Асмана Амарава, сына Магамеда Амарава. На ім бачна падпаленая сінагога, а мужчынскі голас кажа, што "кафіры [няверныя — заўв. рэд] будуць знішчаны". Следчы камітэт Расіі пачаў крымінальную справу па артыкуле "тэракт".

Дадамо, што ў Дэрбэнце невядомыя напалі на храм Покрыва Прасвятой Багародзіцы і сінагогу. Яны абстралялі царкву і сінагогу з аўтаматаў, паведамляюць ў расійскім МУС. У сінагозе быў пажар. У Махачкале быў абстраляны пост ДПС, а таксама сінагога, якая знаходзіцца непадалёк. Перастрэлка была і побач са Свята-Успенскім кафедральным саборам. Падчас нападу ў царкве забарыкадаваліся 19 чалавек — святары і прыхаджане. Пазней іх вывелі супрацоўнікі МУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі