Начальнік Галоўнага штаба УС Беларусі ўнесены ў санкцыйныя спісы Джэрсі

28/06/2021 - 17:41
Андрэй Гурцэвіч трапіў у санкцыйныя спісы Джэрсі​

Андрэй Гурцэвічначальнік Галоўнага штаба Узброеных Сіл Беларусі і першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА — унесены ў санкцыйныя спіскі вострава Джэрсі. Пра гэта паведамляе сайт www.gov.je, на якім размяшчаецца афіцыйная інфармацыя аб Джэрсі і аб грамадскіх сервісах, якія працуюць на востраве.

Гурцэвіча абвінавачваюць у датычнасці да пасадкі рэйса Ryanair FR4978 у Мінску, да "затрымання самалёта, яго пасажыраў і экіпажа", а таксама арышту апазіцыйнага журналіста і актывіста грамадзянскай супольнасці Рамана Пратасевіча і яго партнёркі Соф'і Сапега. "Такім чынам, Андрэй Гурцэвіч нясе адказнасць за пераслед грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі і тым самым падрывае там дэмакратыю і вяршэнства закону", сказана ў матывіровачнай частцы аб унясенні беларускага генерал-маёра ў блэкліст.

Бейливик Джэрсі — папулярны афшор. Гэты востраў у праліве Ла-Манш — Кароннае валоданне Брытанскай кароны, якое, аднак не з'яўляецца часткай Вялікабрытаніі. Джэрсі мае ўласны парламент — Штаты Джэрсі. У склад кароннага валодання Джэрсі ўваходзяць таксама некалькі маленькіх астравоў.

Роўна тыдзень таму Вялікабрытанія далучылася да "чацвёртага пакета" санкцый Еўрасаюза. У брытанскім спісе двое юрыдычных і 11 фізічных асоб. Чаму менавіта Гурцэвіч трапіў у санкцыйны спіс Джэрсі — загадка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі