На вучэннях "Захад-2017" расійскія генералы вучыліся камандаваць беларусамі?

22/09/2017 - 15:24
На фота: Уладзімір Пуцін назірае за вучэннямі "Захад-2017".

Адной з асноўных задач, якія стаялі перад групоўкай Саюзнай дзяржавы на вучэннях "Захад-2017", было перападпарадкаванне беларускіх салдат расійскаму Генштабу. Такога меркавання прытрымліваюцца ўкраінскія ваенныя эксперты Міхаіл Самусь і Уладзімір Капчак, якія па просьбе Еўрарадыё прааналізавалі вучэнні.

Міхаіл Самусь і Уладзімір Капчак — намеснікі дырэктара Цэнтра даследаванняў войска, канверсіі і раззбраення (Кіеў). Міхаіл Самусь займаецца міжнароднымі пытаннямі, Уладзімір Капчак — выпускаючы рэдактар ​​аналітычнага бюлетэня ЦДВКР "Выклікі і рызыкі", каардынатар рэгіянальнага праекта ЦДВКР "Сектар бяспекі Украіны".

У сучаснай вайне важныя хвіліны, таму ўсе "прамежкавыя" звёны паміж выканаўцам і тым, хто аддае каманду, павінны быць выключаныя, тлумачаць ўкраінцы. У нашым выпадку (нагадаем, па сцэнары вучэнняў баевікі захопліваюць частку Гродзенскай вобласці, беларускае войска дае ім адлуп, а неўзабаве на дапамогу прыходзяць расійскія часткі) прамежкавым аказваецца беларускі афіцэрскі корпус.

Дзе прыдумалі "Вайшнорыю"?

Уладзімір Капчак: Вучэнні "Захад" праводзяцца даўно — мы аналізуем іх у рэтраспектыве з 1977 года. У гэтым годзе занепакоенасць вучэннямі ўпершыню стала адчувацца і з Беларусі. Ні перад "Захадам-2013", ні падчас "Шчыта Саюза-2015" такога не было. Што тычыцца перспектываў акупацыі Беларусі ці падрыхтоўкі да наступу на NATO — можна казаць, што гэта было перабольшаннем. Але вось з пункту гледжання задумы вучэнняў, агучанаq беларускім Генштабам, гэта занепакоенасць была цалкам апраўданая.

Міхаіл Самусь: Я хацеў бы нагадаць, што сказаў камандуючы Заходняй ваеннай акругай Расіі пасля вучэнняў "Шчыт Саюза-2015". Ён сказаў, што ўпершыню было адпрацаванае пытанне перападпарадкавання войскаў адной дзяржавы іншай. Відавочна, хто каму перападпарадкаваўся. На тых вучэннях былі выяўленыя праблемы ў камунікацыі паміж узброенымі сіламі. І па выніках было прынята рашэнне аб перападпарадкаванні рэгіянальнай групы войскаў Саюзнай дзяржавы Генштабу Расіі. Тады гэтага ніхто не заўважыў.

Генштаб Беларусі распавядае пра сцэнар вучэнняў. Фота: "Наша Ніва".

Уладзімір Капчак: Заўважце, на гэтых вучэннях не нападаюць умоўныя сінія на ўмоўных чырвоных. Вучэнні стартуюць з факту з'яўлення сепаратысцкага ўтварэння на тэрыторыі Беларусі. Чамусьці не ў Калінінградскай вобласці, хаця мы спінай адчуваем, што перадумовы да сепаратызму там вышэйшыя, чым там, дзе размясцілася "Вайшнорыя". І вось у нас узнікла пытанне: наколькі беларускі бок быў прыцягнуты да стварэння сцэнара цяперашніх вучэнняў? На наш погляд, менавіта ў гэтым годзе Масква вырашыла гіпербалізавана падсвятліць залежнасць Беларусі ад Расіі ў вайсковых пытаннях.

Ва Украіне разумеюць: Беларусь не можа адмовіцца ад "Захаду"

Еўрарадыё: Як вы думаеце, ці была ў Беларусі магчымасць адмовіцца ад гэтых вучэнняў?

Міхаіл Самусь: Тады Расіі давялося б праводзіць іх асобна, але гэта была б вялікая рызыка для кіраўніцтва Беларусі. Ва Украіне гэта разумеюць, але не забывайце, што мы знаходзімся ў стане вайны, і любое сумеснае дзеянне з агрэсарам выклікае негатыўныя ацэнкі. Плюс сітуацыя з нашым хлопцам Паўлам Грыбам, якога ў Гомелі выкрала ФСБ. Мы лічым, што гэта зроблена спецыяльна, каб паказаць не толькі Беларусі, а ўсяму свету, што беларускае кіраўніцтва не кантралюе сітуацыю. Не толькі беларускія ўзброеныя сілы з'яўляюцца інтэгральнай часткай узброеных сіл Расіі і цалкам знаходзяцца пад кантролем, але і сама тэрыторыя Беларусі знаходзіцца пад кантролем расійскіх спецслужбаў, якія могуць рабіць тут усё, што заўгодна. Для вас гэта сур'ёзная іміджавая страта.

Уладзімір Капчак: А марш з партрэтамі Пуціна і георгіеўскімі стужачкамі праз Мінск? Хто гэта ўсё нагнятаў і фармаваў?

Расійскі аўтапрабег у Мінску. Фота: радыё "Свабода".

Міхаіл Самусь: На першы погляд, і Расія, і Беларусь усімі сіламі падкрэслівалі абарончы характар ​​вучэнняў, а істэрыя з нагоды пагрозы Польшчы ці Літве ім не выгадная. Але, калі ўдумацца, запалохванне еўрапейцаў напярэдадні выбараў у Германіі шмат каму на руку. "Бойцеся нас", "рускія ідуць". І давайце не будзем забываць пра аўдыторыю ўнутры Расіі.

Еўрарадыё: Ва Украіне хто-небудзь сур'ёзна разглядаў магчымасць адкрытай агрэсіі з боку Расіі падчас вучэнняў?

Міхаіл Самусь: Ваенна-геаграфічныя ўмовы не спрыяюць гэтаму. Але, наколькі я ведаю, у нашым Генштабе адпрацоўваюцца ўсе варыянты. Любое ўзаемадзеянне з краінай-агрэсарам ва Украіне разглядаецца сур'ёзна — з пункту гледжання абароны краіны. Мы як спецыялісты расцэньваем "Захад-2017" як адпрацоўку наступальнай аперацыі на стратэгічным заходнім кірунку. Польшча (Варшава), Сувалкскі калідор. Украіна магла б быць зачэпленая ў залежнасці ад развіцці сітуацыі — у залежнасці ад таго, як бы разгортваўся канфлікт з краінамі NATO. Давайце паглядзім на карту. Калі расійскія танкі рушаць у кірунку Варшавы, Украіна будзе граць стратэгічную ролю на паўднёва-заходнім флангу. Таму зараз фарміруецца гатовасць Украіны і краінаў NATO разглядаць адно аднаго як рэальных саюзнікаў і аказваць адно аднаму дапамогу, у тым ліку і прамую ваенную. Напрыклад, рашэнне ЗША аб выдзяленні $500 млн менавіта ваеннай дапамогі Украіне — гэта сігнал пра тое, што NATO пачынае разумець ролю нашай краіны ў рэгіёне.

Уладзімір Капчак: Ва Украіне даўно ёсць разуменне, што Крамлю для эскалацыі агрэсіі не патрэбная шырма ў выглядзе вучэнняў "Захад-2017". А да таго, што ў сілу геапалітычных раскладаў "паравозам" за Масквой ідзе Мінск, у нас ставяцца калі не спакойна, дык з разуменнем.

Навошта расійскія самалёты парушылі паветраную прастору Літвы?

Уладзімір Капчак: Перад вучэннямі разглядаліся варыянты, напрыклад, "выпадковага" парушэння беларуска-ўкраінскай мяжы ці мяжы з краінамі НАТА. Яны часткова пацвердзіліся, калі расійскія самалёты на некалькі хвілінаў апынуліся над тэрыторыяй Літвы. Так яны прапацвалі глебу. Адбылося гэта выпадкова ці не? Для нас адказ відавочны.

Міхаіл Самусь: Падчас гэтага "залёту" адпрацоўвалася рэакцыя NATO. І што мы ўбачылі? Расія фактычна паказала, хто тут гаспадар. Гэта былі транспартныя самалёты Іл-76, іх было два. А магло быць і 20. І што б тады рабіла NATA? Былі б палітычныя кансультацыі, "глыбокая занепакоенасць"... Расія паказала, што ніхто Літве не дапаможа, і што літоўцы павінны разумець: тут кіруе Крэмль. Гэта быў важны сігнал рэгіянальнаму асяродку.

Расійскі транспартнік Іл-76

Уладзімір Капчак: Вакол гэтых вучэнняў не трэба шукаць канспіралогіі. Яе няма з 1977 года. Проста сёлета не магло быць іншага фону пасля Крыма і Данбаса.

Міхаіл Самусь: Больш за тое, Расіі зусім не трэба ўпотайкі пакідаць тут нейкія войскі. Галоўныя пытанні — адпрацоўка камунікацый, узаемная сумяшчальнасць войскаў, стандартызацыя падраздзяленняў. Каб беларускія войскі маглі выконваць задачы пад камандаваннем расіян. Каб не было "нацыянальных фільтраў" паміж Генштабам Расіі і салдатам беларускай арміі, які будзе выконваць загад. Каб сігнал ад расійскага камандзіра да беларускага салдата праходзіў за секунды. Таму што калі ў ланцужку будзе яшчэ і беларускі Генштаб, гэта будзе не сучасны ўзброены канфлікт. Зараз ваююць на працягу хвілін, гэта разведвальна-ўдарны комплекс. "Нацыянальныя фільтры" гэтаму перашкаджаюць. Патрэбная беларуская тэрыторыя, патрэбныя беларускія войскі. Але не як нацыянальныя ўзброеныя сілы, а як адзін са складнікаў комплексу, што будзе працаваць на заходнім наступальным накірунку.

Еўрарадыё: Калі беларускі салдат дэ факта стане расійскім, дык няма неабходнасці ў акупацыі Беларусі.

Уладзімір Капчак: Пытанне ў тым, як тут, у Беларусі, на розных узроўнях для сябе адкажуць на гэтую сітуацыю. Тое, што з беларускага боку пайшлі сігналы, што "калі нас акупуюць, мы будзем змагацца", нам, як украінцам, не можа не падабацца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі